Нядаўнія арышты і затрыманні двух палітычных апанентаў па надуманых абвінавачваннях - яшчэ адна праява цыклічнага характару рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта заявіў Спецыяльны дакладчык па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці, паведамляе Цэнтр навінаў ААН.
У канцы кастрычніка ў Беларусі праваахоўныя органы затрымалі паэта і даўняга крытыка ўрада Уладзімір Някляева, а таксама апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Абодва лідары апазіцыі былі кандыдатамі ў прэзідэнты краіны на папярэдніх выбарах. 1 лістапада і 30 кастрычніка адпаведна іх асудзілі на дзесяць і пяць дзён адміністратыўнага затрымання.
Харасці нагадаў, што Уладзіміра Някляева ў гэтым годзе ўлады затрымалі ўжо ў трэці раз з абвінавачваннем у арганізацыі несанкцыянаваных пратэстаў у Мінску, у якіх ён сам нават не ўдзельнічаў. Мікалая Статкевіча яны змясцілі пад арышт за акцыю пратэсту супраць ваенных вучэнняў «Захад-2017».
«Гэтыя абвінавачванні ізноў дэманструюць нязменны рэпрэсіўны характар законаў у краіне, паводле якіх сходы людзей і іх выступы крыміналізуюць ў тых выпадках, калі на іх не атрыманы папярэднідазвол уладаў», - сказаў эксперт.
Ён падкрэсліў, што такія дзеянні сведчаць аб тым, што ўлады выкарыстоўваюць законы адвольна і выбарча супраць палітычных апанентаў і праваабаронцаў.
«Арышт найбольш вядомых лідараў апазіцыі ў Беларусі з'яўляецца дэманстрацыяй поўнага кантролю ўрада за прасторай, у якім дзейнічае грамадзянская супольнасць, і поўнай пагарды ўладаў да правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду сходаў, асацыяцыі і свабоду слова», - лічыць Спецыяльны дакладчык па правах чалавека.
Ён заклікаў улады ў Беларусі спыніць практыку праўлення, якая існуе ўжо 25 гадоў і якая абапіраецца на дазвольную сістэму і крыміналізацыю іншадумства.
Крыніца: Міклаш Харасці заклікаў улады Беларусі адмовіцца «ад крыміналізацыі іншадумства»