Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, які адбыў 10-суткавы арышт нібыта за заклікі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве “Марш абураных беларусаў 2.0”, накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд.
Скарга будзе разглядацца 22 лістапада ў 12.00. У ёй Уладзімір Някляеў адзначыў:
“У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 24 кастрычніка адсутнічае прамая спасылка на мае словы, якімі б я заклікаў грамадзянаў на акцыю 21 кастрычніка 2017 г.
Больш за тое, я не даваў інтэрв'ю журналістам інтэрнэт-парталу "Хартыя 97". На розных інтэрнэт-рэсурсах могуць быць размешчаныя абсалютна розныя мае выказванні, у тым ліку вырваныя з кантэксту, перайначаныя, скампіляваныя. Пры гэтым гэта будуць аўтарскія артыкулы інтэрнэт-журналістаў”.
Ён падкрэслівае, што з інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат», якому непасрэдна даваў каментар, угледжваецца, што ён выказаў сваё асабістае меркаванне наконт масавага мерапрыемства, якое планавалася 21 кастрычніка і чаму ён асабіста прыйшоў бы на яго.
У інтэрв'ю Уладзімір Някляеў таксама даваў ацэнку стану пратэстнага руху ў Беларусі і нядаўнім папраўкам да Дэкрэта №3.
“Ва ўказаным інтэрв'ю я выказваў сваё меркаванне наконт таго, як бы паступіў на месцы кожнага беларуса, ніякіх заклікаў да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, што праводзіцца на Кастрычніцкай плошчы, не было”, - піша Уладзімір Някляеў у сваёй скарзе.
Неабходна адзначыць, што публічным заклікам да арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў з'яўляецца зварот, патрабаванне аб здзяйсненні якіх-небудзь дзеянняў, выказанае ў кароткай форме.
“Такім чынам, выказанае мной меркаванне ніяк не можа расцэньвацца як заклік да чаго-небудзь. А пры аб'ектыўным, не прадузятым разглядзе дадзенай адміністрацыйнай справы нельга прыцягваць мяне да адміністрацыйнай адказнасці па ч.3 арт.23.34 КаАП, бо я не з'яўляўся ўдзельнікам ці арганізатарам дадзенага мерапрыемства”, - сказаў палітык.
Таксама ён звяртае ўвагу Мінгарсуда на тое, што судом Лідскага раёна Гроднеской вобласці ў дачыненні да Валерыя Мінца была разгледжана аналагічная адміністрацыйная справа - за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі 8 верасня 2017 года ў г. Мінску, размешчаныя 5 верасня 2017 года на сайце «Хартыя-97». Пры гэтым суд Лідскага раёна спыніў вытворчасць па справе ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Валерыя Мінца складу адміністрацыйнага правапарушэння па тых жа падставах, якія былі паказаныя Уладзімірам Някляевым пры разглядзе адміністрацыйнай справы у судзе Ленінскага раёна г.Мінска.
Таму паэт заклікае Мінгарсуд дбайней сачыць за аднастайнасцю правапрымяняльнай практыкі і просіць адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна г. Мінска аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці, а вытворчасць па справе спыніць.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка адзначае:
“Акрамя абсурднасці самога абвінавачання (у арыгінальным каментары Ўладзімір нікуды не заклікаў), сам факт пераследу па артыкуле парушэння парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапремстваў набывае ўсё больш і больш фармальны і рэпрэсіўны выгляд.
Рэгулярна хтосьці з актывістаў і палітыкаў патрапляе пад арышт менавіта па такім абвінавачанні у парушэнні стандартаў мірных сходаў і справядлівага суду. Цікавасць гэтай сітуацыі яшчэ ў агульнай палітычнай сітуацыі ў краіне, калі перад Самітам у Брусэлі суд можа быць індыкатарам настрояў беларускіх уладаў, паколькі ўсе мы разумеем, што не заўжды суддзі самастойныя ў сваіх рашэннях”.
Нагадаем, 1 лістапада суд Ленінскага раёна прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым па ч.3 арт. 23.34 КаАП, спасылаючыся на артыкул на сайце “Хартыі”, дзе ён нібыта заклікаў грамадзянаў да ўдзелу ў акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0”, і пакараў яго дзесяццю суткамі арышту.
Крыніца: Мінгарсуд разгледзіць скаргу Уладзіміра Някляева на адміністрацыйны арышт