У Гомелі працягваецца суд над Леанідам Кавалёвым, Дзмітрыем Карнеевым і Мікітам Залатаровым, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў тым, што яны 10 жніўня ў цэнтры горада кідалі "кактэйлі Молатава". Як паведамляе TUT.BY, сёння дзяржабвінаваўца агучыў тэрміны, якія, на думку пракуратуры, неабходна прызначыць абвінавачаным у якасці пакарання.
Вядзе працэс суддзя Дзмітрый Дзябой. Бок абвінавачвання прадстаўляе старшы памочнік пракурора Гомеля Яўген Фартушняк. Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя кантрактнікі ўнутраных войскаў Аляксей Канаваленка і Яўген Раманькоў.
Пракурор у спрэчках перакваліфікаваў абвінавачванне Леаніду Кавалёву з ч. 1 арт. 293 КК "арганізацыя масавых беспарадкаў" на ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК "Падрыхтоўка да ўдзелу да масавых беспарадкаў" — і папрасіў прызначыць Кавалёву 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
У дачыненні да іншых абвінавачаных перакваліфікавана абвінавачванне таксама — з удзелу ў масавых беспарадках на падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Для Дзмітрыя Карнеева дзяржабвінаваўца папрасіў 8 гадоў пазбаўлення волі калоніі строгага рэжыму.
Непаўналетняму Мікіту Залатарову — 6 гадоў выхаваўчай калоніі.
Дзмітрый Карнееў і Мікіта Залатароў выступілі сёння з апошнім словам.
— Мяне тут выстаўляюць радыкальным апазіцыянерам, — сказаў Карнееў. — Нядаўна Аляксандр Рыгоравіч сказаў за міліцыю ўсім адсякаць рукі на месцы. Лічыце вінаватым — вядзіце на плаху і пакарайце смерцю. Але ўдзел у злачынствах я не прызнаю.
Залатароў таксама паведаміў суду, што "сваёй віны не бачыць, ніякага злачынства не зрабіў".
Нагадаем, 29-гадовага Леаніда Кавалёва, 17-гадовага Мікіту Залатарова і 26-гадовага Дзмітрыя Карнеева абвінавачваюць у незаконным вырабе выбуховых рэчываў, гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, удзеле ў масавых беспарадках, а Кавалёва — яшчэ і ў іх арганізацыі і ўцягванні непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства.
Паводле папярэдняй версіі следства, Кавалёў вырабіў два "кактэйлі Молатава", перавёз іх у цэнтр горада і схаваў у адным з двароў. Увечары 10 жніўня ён прыехаў у раён правядзення пратэстных мітынгаў, дзе знайшоў выканаўцаў свайго злачыннага плана — 26-гадовага жыхара Добруша Карнеева і 16-гадовага Залатарова. Мужчына перадаў новым знаёмым "кактэйлі Молатава" для таго, каб яны падпалілі сцяну якога-небудзь дома, а затым стаў пераконваць іх здзейсніць больш радыкальныя дзеянні — падпаліць гарадскі аўтобус ці аўтазак. На шляху маладыя людзі сустрэлі вайскоўцаў вайсковай часткі 5525 і кінулі "кактэйлі" ў іх бок. Шкляная бутэлька ўпала каля вайскоўцаў і разбілася аб асфальт. Карнееў і Залатароў ўцяклі — іх затрымалі пазней. А Кавалёва ў гэты ж вечар.
Кавалёў і Залатароў сваю віну не прызнаюць. Карнееў прызнае часткова.
Што адбываецца на судзе па справе Гомельскай тройкі?
У Гомелі за два "кактэйлі Молатава" судзяць трох чалавек
Крыніца: Пракурор запытаў тэрміны абвінавачаным па справе аб "кактэйлях Молатава" ў Гомелі: ад 6 да 8 гадоў