Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат У судзе Фрунзенскага раёну Менску 17 лютага працягваецца разгляд справы журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Дзяўчат вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

Белсат вядзе анлайн-трансляцыю з залі суда. 

11:30 Пракурор сцвярджае, што Кацярына ведала, што на месца прыехала міліцыя. Пра гэта сведчыць тое, што дзяўчыны хаваліся ад праваахоўнікаў ну кватэры і хаваліся ад дронаў, клаліся на падлогу.

Паводле Аліны Касьянчык, адвакаты спрабуюць пазбавіць іх адказнасці ад здзейсненага злачынства.

«Гэта павышаны характар небяспекі правапарушэння», – сцвярджае Касьянчык.

Пракурор запатрабавала для Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі кожнай. Просіць канфіскаваць усю тэхніку на карысць дзяржавы.

11:25 Пракурор зачытвае, што дзяўчыны рабілі ў кватэры, апісвае тэхніку, з якой яны былі 15 лістапада. Зноў узгадвала незадаволенных «мясцовых жыхароў», якія званілі па нумары 102.

«З карыслівых меркаванняў у камізэльцы «Прэса» і з дапамогай тэлефонаў яны здзейснілі гэтае злачынства», – сцвярджае пракурор.

Пракурор Аліна Касьянчык кажа, што дзяўчыны выходзілі на праезджую частку дарогі і бралі там каментар, таму транспарт спыніўся. Нібыта гэта выклікала масавы выхад людзей на праезджую частку дарогі, а значыць і арганізацыю масавых беспарадкаў.

11:15 Адвакат падаў хадайніцтва аб перапынку, каб звязацца з яшчэ адным спецыялістам-лінгвістам. Пракурор была супраць і суддзя адмовіў. Судовае следства скончана, пачынаюцца спрэчкі бакоў.

11:10 Да справы далучылі ліст ад брытанскай праваабарончай арганізацыі Article19. У ім напісана, што журналісткі выконвалі свае журналісцкія абавязкі, не заклікалі да дзеянняў. Арганізацыя выступае з патрабаваннем вызваліць журналістак і выконваць правы на свабоду слова.

10:55 Разбіраюць фразу «Заставайцеся з намі». Лінгвіст тлумачыць у экспертызе, што гэтая фраза распаўсюджана і не заклікае да нейкіх дзеянняў. Суд прагледзеў усё матэрыялы справы. Адвакат дадае да справы копію дыплому Дар’і.

Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі просіць дадаць да справы запыт у «БАЖ» аналізу аб прафесійнай этыцы журналістак.

Камісія па этыцы «БАЖ» сцвярджае, што Каця не заклікала гледачоў да аніякіх дзеянняў, прытрымлівалася прынцыпаў аб’ектыўнасці, якія адпавядаюць прынцыпам прафесійнай этыкі журналіста.

10:40 Суддзя Наталля Багук зачытвае на беларускай мове аналіз стрыму лінгвістам. Эксперт у дакуменце адзначыў, што словы Кацярыны Андрэевай не ўтрымліваюць заклікаў да нейкіх актыўных дзеянняў, яна апісвае сітуацыю. У экспертызе сцвярджаецца, што адсутнічаюць прыкметы арганізацыі дзеянняў і звароты да ўдзельнікаў. Бачна, што Кацярыне складана гэта чуць.

«Рэпартаж накіраваны на тых людзей, якія знаходзяцца дома і не прысутнічаюць на месцы падзей», – яшчэ адна вытрымка з экспертызы.

10:25 Цяпер у cудзе праглядаюць і называюць рэчы, з якімі іх затрымалі: сшыткі, штатыў, тэлефоны, камера, камізэлькі з надпісам «Прэса». Пракурор дастае гэтыя рэчы з вялікай торбы. Дасталі вялікі бчб-сцяг і разгарнулі яго, прысутныя ўсміхнуліся.

10:15 Суддзя прыняў адмову ўсіх фінансавых прэтэнзій «Менсктрансу». Паводле гэтай арганізацыі, была нанесеная шкода прадпрыемству больш як на 18 тысячаў рублёў, якую цалкам скампенсавалі сваякі Кацярыны і Дар’і.

Бачна, што Кацярына і Дар’я хвалююцца, але ўсміхаюцца і трымаюцца бадзёра. У калідоры засталіся 8-10 чалавек аховы і некалькі чалавек, якіх не пусцілі ў судовую залу.

10:05 Людзей пачалі запускаць у судовую залу. Кацярына і Даша ўжо там.

10:00 На паседжанне, як і на папярэднія два, зноў прыйшло шмат людзей, якія хочуць падтрымаць дзяўчат. Шмат сілавікоў у цывільным, выстаўленыя рамкі. Пад будынкам суда бус з АМАПам.

Нагадаем, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, што на Смаргоўскім тракце, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

Крыніца: Два гады пазбаўлення волі запатрабаваў пракурор для журналістак Белсат