Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся разгляд крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадаках) за выбарчыя пратэсты 10 жніўня. На лаве падсудных — адразу дзесяць чалавек. Справу разглядае суддзя Вера Філонік. У зале суда "не хапіла месца" нават сваякам падсудных. "Вясна" назірае за гэтай крымінальнай справай і распавядае яе падрабязнасці. З 10 абвінавачаных шэсць з'яўляецца палітзняволенымі, якія ўтрымліваюцца пад вартай у брэсцкім СІЗА-7:
Каго судзяць 15 лютага?
- палітвязні Ягор і Віталь Пракапчукі
Гэта бацька і сын. Іх затрымалі 19 жніўня. З таго часу яны ўтрымліваюцца пад вартай.
- палітвязень Цімур Рызапур
Цімур – 37-гадовы таксіст, увечары 10 жніўня вяртаўся з працы дадому, але яго падстрэлілі гумовымі кулямі пяць разоў. Следчы тлумачыць выбар меры стрымання ўтрымання пад вартай тым, што ў Цімура Рызапура няма беларускага грамадзянства, нягледзячы на тое, што ў яго ёсць від на жыхарства і ён жыве ў Беларусі ўжо каля 23 гадоў.
- палітвязень Ілля Мігно
Ілля – студэнт 2-га курса Брэсцкага палітэхнічнага ўніверсітэта. Быў затрыманы 18 жніўня на працы ў Мастаатрадзе па падазрэнні ў масавых беспарадках. Пра затрыманне Іллі бацькі даведаліся ад адваката.
- палітвязень Сяргей Крыўчэня
- палітвязень Аляксандр Драздоў
Аляксандр быў затрыманы 30 лістапада ў Брэсце. З тых часоў утрымліваецца пад вартай.
- Віталь Бандарэнка
- Сяргей Гацкевіч
- Сяргей Салоха
- Дзяніс Хозей
Па інфармацыі брэсцкай "Вясны", астатніх абвінавачаных будуць судзіць пазней, іх справа вынесеная ў асобную вытворчасць.
Што адбываецца на судзе?
Справу разглядае суддзя Вера Філонік. Як перадаюць брэсцкія праваабаронцы "Вясны", на суд не патрапіла каля 20 чалавек. Прычына — "не хапіла месцаў". Пры гэтым не патрапілі нават некаторыя сваякі: для тых, хто знаходзяцца пад вартай, устанавілі ліміт — "1 сваяк".
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.
«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?
Крыніца: У Брэсце за пратэсты 10 жніўня судзяць адразу дзесяць чалавек Дапоўнена