Адгалоскі "Марша абураных беларусаў-2.0" дакаціліся і да Мазыра: участковы распытваў мазыраніна паб тым, колькі яму заплацілі за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску
Жыхар Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі, прыехаўшы 21 кастрычніка па асабістых справах у Мінск, вырашыў схадзіць на Кастрычніцкую плошчу, паколькі чуў, што там плануюць правесці акцыю – “Марш абураных беларусаў”. Прайшоўшы з калонай да Чырвонага касцёла, ён заспяшаўся на вакзал, бо меў адваротны квіток да Мазыра.
Уладзімір Неўмяржыцкі далей распавядае аб тым, што непадалёку ад чыгуначнага вакзалу да яго падыйшлі двое грамадзян у цывільным, патлумачылі што яны з міліцыі і запрасілі прайсці ў мікрааўтобус. Там чалавек у форме супрацоўніка міліцыі патлумачыў жыхару Мазыра, што яго затрымалі для высвятлення асобы. Аднак калі Неўмяржыцкі прад’явіў пашпарт, то супрацоўнікі міліцыі перапісаўшы дадзеныя, паведамілі, што прэтэнзій да яго больш не маюць.
Праз дзён дзесяць на хатні адрас Неўмяржыцкага даслалі паведамленне аб тым, што на яго быў складзены пратакол адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка ў Мінску. Прычым, пратакол быў складзены без ягонай прысутнасці і таму не меў подпісу.
Пасля яго выклікаў участковы інспектар маёр Андрэй Леўданскі, які, не цырымонячыся, пачаў застрашаць Уладзіміра: маўляў, калі пачнеш у судзе разважаць пра свае правы – пасажу на суткі, а калі будзеш маўчаць – абыйдзешся штрафам альбо папярэджаннем. Пры гэтым адмовіў у прадастаўленні яму копіі пратакола.
“Пытаўся ўчастковы і пра тое, хто мяне вазіў у Мінск на акцыю і колькі было заплочана за ўдзел у ёй", – распавядае Неўмяржыцкі.
Відавочна, участковы перастараўся, і гэта паслужыла нагодай для зварота да начальніка
раённага ўпраўлення ўнутраных спраў са скаргай на неправамоцныя дзеянні супрацоўніка міліцыі. Ён таксама просіць, каб далі копію пратакола, а пасля завяршэння разгляду справы азнаёмілі з матэрыяламі і дазволілі зняць з іх копіі. Дарэчы і скаргу гэтую ў мясцовым РАУСе доўга не прымалі, ківаючы адзін на аднаго.
Крыніца: Міліцыя запалохвае мазырскага ўдзельніка акцыі пратэсту 21 кастрычніка