Генадзь Фядыніч Сьледчы камітэт Беларусі адмовіўся выпусьціць за мяжу лідэра беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзя Фядыніча. Пра гэта Фядыніч паведаміў Свабодзе 10 лістапада.

«Сёньня я быў у Сьледчым камітэце, і там мне сказалі, што прынятае рашэньне адмовіць мне ў наведваньні Жэнэвы. Прычыну адмовы мне не назвалі. Магчыма, яна ёсьць у адказе, які пайшоў на адрас міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых IndustriALL, які ахоплівае 50 мільёнаў чалавек у 140 краінах. Менавіта яно і запрашала мяне на міжнародную сустрэчу лідэраў прафсаюзаў», — паведаміў Фядыніч.

Генэральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс раней напісаў ліст-зварот у Сьледчы камітэт. З увагі на абмежаваньні ў перамяшчэньні Фядыніча, зьвязаныя з дадзенай ім падпіскай аб нявыезьдзе, міжнародная арганізацыя давала гарантыі своечасовага вяртаньня Фядыніча ў Беларусь.

Прафсаюзны лідэр спадзяецца, што адмова Сьледчага камітэту паскорыць прыезд у Беларусь дэлегацыі міжнароднага прафсаюзу. Адпаведнае запрашэньне лідэры беларускіх незалежных прафсаюзаў накіравалі напачатку лістапада.

Сьледзтва ў справе Фядыніча і Комліка працягваецца

2 жніўня дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю правёў ператрусы ў офісе РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара Ігара Комліка. Затым было абвешчана, што ў дачыненьні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі.

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не зьбіраюцца.

«Наша справа працягваецца, — кажа Генадзь Фядыніч. — Ідуць сьледчыя захады, асабіста я бываю ў сьледчых як найменей раз на тыдзень. Аднак камэнтаваць сытуацыю не магу, бо маю падпіску аб неразгалошваньні».

Крыніца: Генадзю Фядынічу не дазволілі выехаць у Жэнэву на сустрэчу прафсаюзных лідэраў