У судзе па справе Лявона Халатрана У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска раніцай 9 лютага пачаўся працэс над кіраўніком Ruin Bar ОК16 і валанцёрам выбарчага штаба Віктара Бабарыка Лявонам Халатранам.

Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Павел Папкоў.

Лявон Халатран быў затрыманы 11 жніўня 2020 года і моцна збіты. Спачатку яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса – “Удзел у масавых беспарадках”, аднак у снежні абвінавачванне перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК – “Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”.

Лявон Халатран жанаты, у яго ёсць маленькі сын. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Лявона Халатрана палітычным вязнем.

Палітвязень Лявон Халатран

11 жніўня Лявон выйшаў са сваёй кватэры на вуліцы Гая і дагэтуль туды не вярнуўся.

У судзе забаранілі відэа і фотаздымку, хаця абвінавачваны быў не супраць. Лявон Халатран хадайнічаў аб вяртанні справы ў пракуратуру для выпраўлення граматычных і пунктуацыйных памылак, аднак суддзя такое хадайніцтва не задаволіў.

Згодна з абвінавачваннем, Лявон Халатран прынял актыўны ўдзел у групавых дзеннях ў ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі грубае парушэнне грамадскага парадку, а менавіта публічна заклікаў людзей да такіх дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча-Машэрава і Куйбышава-Машэрава ў Мінску, перашкаджаў руху транспарта, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні.

У судзе хацелі дапытаць жонку Лявона – Алену Смаляга, але яна адмовілася сведчыць супраць мужа. 

Суд дапытаў самаго Лявона. Ён сцвярджае, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў, а 11 жніўня яго груба затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗ. Па словах палітвязня, 9 жніўня ён прачнуўся, пайшоў галасаваць, пасля паехаў у штаб Віктара Бабарыкі, у мітынгах удзелу не прымаў.  Лічыць, што абвінавачванне звязанае з яго ўдзелам ў ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. 

Калі Лявона затрымалі, то адвезлі ў ГУБАЗ, дзе паставілі да сцяны, рукі скруцілі за спіной хамутамі, пачалі збіваць. Міліцыянеры прасілі аддаць пароль ад тэлефона, каб яны спынілі збіццё - Лявон даў пароль.

На Акрэсціна ў ІЧУ палітвязень прасіў зняць пабоі, аднак медыцынскі адгля адбыўся толькі праз два тыдні. Пасля ў медыцынскіх дакументах адсутнічала фатаграфія ілба, дзе была буйная драпіна. 

Інфармацыя будзе дапоўнена

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Крыніца: У Мінску судзяць Лявона Халатрана