Журналіста Змітра Лупача судзілі ўжо ў новым будынку Глыбоцкага райсуда, які адкрылі толькі некалькі дзён таму.
Па інфармацыі службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Змітру Лупачу зноў інкрымінавалі парушэнне артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Гэтым разам суддзя Глыбоцкага раённага суда Андрэй Тарасевіч пакараў журналіста штрафам у памеры 35 базавых велічыняў (805 рублёў).
І хоць падчас адкрыцця новага будынка Глыбоцкага суда старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала сказаў: “Тут ёсць усё, што патрэбна для правасуддзя, і ў той жа час зроблена прыгожа і зручна”, правасуддзя не адбылося. Зміцер Лупач быў зноў пакараны, нягледзячы на тое, што, згодна з палажэннямі Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», толькі рэдакцыі СМІ могуць прыцягвацца да адказнасці па артыкуле 22.9. Ён датычыцца толькі юрыдычных асобаў, а не фізічных.
Як кажа Зміцер Лупач, яго пакаралі несправядліва:
"Гэты артыкул прадугледжвае, што адказнасць за выраб іраспаўсюд інфармацыі нясе юрыдычная асоба. А я – фізічная асоба, а не юрыдычная. Але падобныя прысуды адбываюцца паўсюль па краіне: і ў Глыбокім, і ў Гомелі, і ў Мінску. Таму лічу, што журналісцкай супольнасці трэба звяртацца да еўрапейскіх краін, каб праз міжнародныя структуры нейкім чынам аказваць ціск на нашую краіну. Той інстытут акрэдытацыі, які існуе ў Беларусі,трэба адмяніць. Бо такога няма ні ў адной цывілізаванай краіне, там чалавек можа свабодна распаўсюджваць інфармацыю. Гэта прадугледжвае і Дэкларацыя правоў чалавека, гадавіну якой мы будзем адзначаць праз месяц. Дарэчы, Беларусь таксама паставіла подпіс пад гэтым дакументам. І калі ўжо падпісаліся, то трэба і выконваць гэты дакумент".
Нагадаем, на глыбоцкага журналіста завялі адміністрацыйную справу за сюжэт пра далучэнне Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната да камбікормавага завода. Справу зноў ініцыявалі глыбоцкія міліцыянты, у прыватнасці старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц.
Сёлета гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста-фрылансера Змітра Лупача за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”.
Крыніца: За сюжэт пра глыбоцкую згушчонку незалежнага журналіста пакаралі штрафам