Суд Ленінскага раёна 5 лютага разглядае крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 24-гадовага палітзняволенага інжынера-праграміста Рамана Канановіча. Яго абвінавачваюць ва ўзвядзенні барыкад з дапамогай жалезнай агароджы ў ноч з 10 на 11 жніўня каля ст. м. "Пушкінская", дзе тады загінуў пратэстовец Аляксандр Тарайкоўскі. Віну палітвязень не прызнае. Справу разглядае суддзя Таццяна Шоцік, якая сёння асудзіла за гэтыя даты на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму мастака Аляксандра Нурдзінава. Судовае следства над праграмістам заняла толькі дзве гадзіны. Раману Канановічу пагражае да 8 гадоў пазбаўленні волі. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірае за гэтым судовым працэсам і распавядае пра акалічнасці гэтай справы. Згодна абвінавачванню, Раман Канановіч "9 жніўня і ў наступныя дні прыняў удзел у загадзя спланаваных масавых беспарадках у Мінску, якія выявіліся ў непасрэдным здзяйсненні пагромаў, узброенага супраціву прадстаўнікам улады, супрацоўнікам ОУС у форменным абмундзіраванні". Пракурор зачытваў абвінавачванне Канановічу на некалькі хвілін, дзе менавіта пра дзеянні Рамана гаворыцца некалькі сказаў — астатняе тычыцца абстрактнай групы людзей "натоўпу".
У чым абвінавачваюць хлопца?
У выстаўленым Канановічу абвінавачванні гаворыцца, што ён "10 жніўня, быдучы дасведчаным з розных крыніц аб планаваных супрацьпраўных дзеяннях, прыбыў на ўчастак мясцовасці па адрасу на Прытыцкага, 32-28, для выражэння незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэстаў праз дэструктыўную дзейнасць, накіраваную, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у сумесных дзеяннях натоўпу, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Па абвінавачванні, Раман 10 і 11 жніўня каля метро "Пушкінская" "прыняў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якое выявілася ў пагромах", а таксама прынясенні шкоды ў філіалу "Мінскія цеплавыя сеці" РУП "Мінскэнэрга" шляхам "разкамплектавання металічнай канструкцыі ў выглядзе 12 жалезных штыроў", размешчаных па адрасе вуліца Прытыцкага, 32-28, "выняў з іншымі неўстаноўленымі асобамі не менш за чатыры металічныя пруты з агароджы" і перамясціў іх да барыкадаў з мэтай "палягчэння сабе і іншым удзельнікам масавых беспарадкаў, стварэння перашкоды для перамяшчэння супрацоўнікаў і транспарту АУС".
Па абвінавачванні, дзеянні Рамана і іншых асобаў вечарам 10 жніўня пацягнулі парушэнне працы руху пяці аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама "парушылі грамадскі спакой і правы добрапрыстойных грамадзян на свабоднае перамяшчэнне". Але ніякіх матэрыяльных патрабаванняў названыя арганізацыі не прад'явілі Раману.
Віну Раман Канановіч не прызнае.
На думку пракурора Аляксандра Рамановіча, віна палітвязня даказана паказаннямі самога Канановіча, сведак і пісьмовымі матэрыяламі справы. Але абаронца Рамана заявіў, што невінаватасць Канановіча падцвярджаецца відэазапісам з месца падзеяў, якая зафіксавала, што ён не знаходзіўся каля агароджы на Прытыцкага.
"У мяне было адно жаданне — вызваліць праход, каб бесперашкодна дабрацца дадому". Што кажа сама Раман Канановіч?
Раман адмовіўся ад дачы паказанняў, толькі зачытаў з загадзя падрыхтаванага ліста свой аповяд аб падзеях вечара 10 жніўня:
"10 жніўня пасля 21 вечара я прыехаў да свайго стрыечнага брата на праспект Пушкіна, 47. Пасля 10 вечара я выйшаў з братам і накіраваўся ў арку, якая знаходзіцца на Прытыцкага, 38. Прайшоўшы скрозь арку, я ўбачыў кучу людзей, якія знаходзіліся на вуліцы на зялёнай зоне, а таксама на паркоўцы. Яны былі ў масках і мелі з сабой сімволіку ў выглядзе бчб-сцягоў. Я накіроўваўся на сваю здымную кватэру на ст. м. "Міхалова". Я пайшоў у бок м. "Пушкінская", але на шляху ўбачыў агароджу, якое перашкаджала праход мне і іншым людзям. Адзначу, што агароджа знаходзілася ў ляжачым стане і з-за яго памераў, становішча і яго канструкцыі, стоўпіліся побач людзей, я не мог яго абыйсці, не заходзячы на зялёную зону і праезную частку. Агароджу я не ламаў, не раз'ядноўваў, не бачыў яе ў першапачатковым стане, не бачыў, дзе яна знаходзілася да гэтага моманту.
Потым я ўбачыў, як незнаёмыя мне людзі цягнуць агароджу, спрабуючы яе перасунуць цалкам на зялёную зону, каб вызваліць праход, каб бесперашкодна ппрацягнуць шлях, таму я падышоў дапамагчы. У маіх паказаннях пазначана, што я ўзяўся за сетку агароджы, тузануў яе і паклаў назад — у гэтым мае дзеянні фактычна і выяўляліся. Агароджа магла быць ссунута з іншага канца, дзе яе цягнулі іншыя людзі. Аднак сетка, за якую ўхапіўся я, у мяне зрушыць не атрымалася. Таму я адпусціў секцыю і пайшоў далей. Іншыя па-мойму таксама яго адпусцілі. Пры мне ніхто, квлючая мяне, агароджу на праезную частку не перацягнуў. Я працягнуў рух да метро "Пушкінская" па тратуары. Прайшоўшы каля 250 метраў, я зразумеў, што рух далей праблематычны. Раней у сваіх паказаннях я паказваў, што міліцыя заступіла праход да метро, але гэта не зусім дакладна, таму што, як я даведаўся пасля, у той вечар на ст. м. "Пушкінская" загінуў грамадзянін Тарайкоўскі на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і праспекта Пушкіна. На відэазапісах супрацоўнікі знаходзіліся за гэтым скрыжаваннем.
У метро я спускацца не стаў, паколькі зразумеў, што яно не працуе. Таму я вырашыў, што мне лепш пераначаваць у сваёй цёткі, якая пражывае каля ст. м. "Спартыўная". Як я згадаў раней, у той вечар адбылася трагедыя — гібель Тарайкоўскага. Паводле інфармацыі МУС, гэта здарылася каля 23 гадзін вечара 10 жніўня. Я не бачыў і не чуў пра гэтыя падзеі, знаходзячыся на ст. м. "Пушкінская". На той момант мяне ўжо там не было.
Я ішоў да цёткі. Зыходзячы з майго эмацыйнага стану, я не звяртаў увагі, што адбываецца навокал. У мяне была толькі думка: хутчэй дабрацца дадому. У матэрыялах крымінальнай справы далучаны відэазапіс, згодна з якім відавочна, што мяне побач з агароджай на праезнай частцы не было. Не гледзячы на тое, што бачныя толькі сілуэты, можна адрозніць па прадметах адзення. Я быў апрануты ў кашулю з доўгім рукавом, джынсы, кепку і быў без маскі. А на відэа — усе сілуэты альбо ў масках, альбо ў шортах, альбо ў майках, альбо без галаўных убораў. У цёткі я быў каля 23 гадзін вечара, што пацвярджаецца яе паказаннямі. У мяне было адно жаданне — вызваліць праход, каб бесперашкодна дабрацца дадому".
У судзе была дапытаная цёця Канановіча, ягоная дзяўчына, сябр-калега з працы, а таксама былі зачытаныя паказанні стрыечнага брата, так як ён у дадзены момант за мяжой. Відэа, якое праглядзелі ў залі суда, сведчыць, што ў інкрымінаваны час Рамана ўжо не было каля агароджы на "Пушкінскай".