Суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў 3 лютага 30-гадовага Мікіту Харловіча да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках шляхам вырабу кактэйлей Молатава. Яго дзеянні кваліфікавалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 295-3 і арт. 13 ч. 2 арт. 293. Мікіту затрымалі 27 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Курасоўшчыне каля лесапаласы: у хлопца з сабой былі дзве бутэлькі-кактэйлі Молатава — ён накіроўваўся іх тапіць у тэхнічным вадаёме, але не паспеў. Хлопец на судзе заявіў, што ў аддзяленні ГУБАЗіКа яго збівалі, каб атрымаць "патрэбныя паказанні" для відэароліка. 30-гадовага Мікіту Харловіча абвінавацілі ў тым, што 27 верасня "знаходзячыся паблізу дома па вул. Казінца, 117 і ў іншых неўстаноўленых месцах па выкананні публічных заклікаў пасля праведзеных выбараў прэзідэнта Беларусі да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках з наступным удзелам у масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады", вырабіў два гаручых прадмета – кактэйлі Молатава, якія захоўваў у сябе ў хляве, а 27 верасня ўзяў іх з сабой і накіроўваўся на пратэст, "аднак злачынства не было даведзена да канца па незалежных ад яго абставінах па прычыне спынення злачыннай дзейнасці супрацоўнікамі органаў МУС".
У чым абвінававацілі хлопца?
Хлопца затрымалі ўвечары 27 верасня недалёка ад лесапаласы ў Курасоўшчыне. На месцы супрацоўнікі ГУБАЗіКа знайшлі ў яго ў заплечніку і ў чорным пакеце дзве шкляныя бутэлькі, у горлышкі якіх былі ўстаўленыя кускі тканіны. Па словах хлопца, у момант затрымання ён накіроўваўся тапіць бутэлькі ў тэхнічным вадаёме. Ён кажа, што гэта быў самы бяспечны спосаб пазбавіцца ад іх.
Мікіта Харловіч па ч. 1 арт. 295-3 КК сваю віну прызнае цалкам і раскайваецца, але не прызнае віну па арт. 13 ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса: ён не збіраўся ўдзельнічаць у масавых беспарадках.
Што адбывалася на судзе?
На судзе праз скайп, са змнененым голасам і ў балаклаве дапыталі знаёмага Мікіту, які сведчыў супраць яго. Харловіч заявіў, што гэтыя паказанні сведкі-знаёмага – "поўны паклёп і хлусня":
"Я ніколі не казаў Сашы [Качанаву], што хачу прымяніць дзесць кактэйлі Молатава на нейкіх акцыях пратэсту. Я яму і не казаў, што я вырабляў іх. Аб гэтым гутаркі наогул не ішло. Саша быў затрыманы 9-12 жніўня. І я не ведаю, што ён цяпер адпрацоўвае перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія ён грахі замальвае. Лічу, што гэта заведама ілжывыя паказанні супраць мяне”.
Таксама на судзе абвінавачаны распавёў пра збіванні яго супрацоўнікамі ГУБАЗіКа:
"Пасля гутаркі з аператыўнікамі, яны, мабыць, раззлаваліся чымсьці, пачалі лаяцца і казаць, што я зусім абарзеў, што я "самы разумны". Я глядзеў у падлогу. Мяне ўдарылі ў галаву. У мяне пацямнела ў вачах, мяне працягвалі збіваць. Калі гэта ўсё спынілася, то сказалі: “Утры яму [Харловічу] сліны”. Мне сказалі, што, калі не хачу паўтарэння [збіцця], то я павінен сказаць, што хацеў кінуць бутэлькі на дарогу, каб затрымаць нейкі транспарт, каб яны не патрапілі на працу і пачалі забастоўку. Я быў спалоханы і падаўлены. Я сказаў, што яны прасілі. Я ледзь не плакаў, калі гэта казаў. Гэта ўсё здымалі на мабільны тэлефон. У канцы я ўсё роўна сказаў, што на самой справе было, але яны прыбралі ўжо камеру. Але, мабыць, гэта ім не трэба было. Яны дадалі, што “гэта выдатны ролік для прэс-службы".
Харловічу таксама інкрымінавалі радыкальную перапіску ў тэлеграм-чаце "Мінск 97", што нібы падцвярджае яго намер удзельнічаць у масавых беспарадках, але Мікіта адмаўляе, што ён пісаў гэта. Адвакат выявіў у телеграме карыстальніка дакладна з такім жа нікам, як і ў Харловіча.
На крымінальным працэсе ў судзе мінчук заявіў пра збіццё ў ГУБАЗіКу для атрымання “патрэбных паказанняў”
Пяць гадоў за дзеянні, якія не нанесла ніякой шкоды?
Дзяржаўная абвінаваўца Кулеш запрасіла ў суда для Харловіча пакаранне ў выглядзе пяці год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абаронца Харловіча Сяргей Кротаў падкрэсліў, што цяпер на судах, звязаных з пратэстнай дзейнасцю, людзі атрымліваюць 5 гадоў пазбаўлення волі, калі нанеслі цяжкія цялесныя пашкоджанні, то бок калі нанеслі шкоду. У Харловіча ж усё знаходзілася на "зачаткавым узроўні".
У судовых таксама адвакат заявіў, што ператрусы Харловіча 27 і 28 верасня былі праведзеныя незаконна без афіцыйнага дазволу пракурора. Больш за тое, як адзначыў адваката, незаконна правёўшы ператрус, супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі прадметы, якія не адносяцца да матэрыялаў справы.
Харловіч: Я зрабіў тое, чаго сам спалохаўся
Мікіта Харловіч 2 лютага выступіў з апошнім словам:
"Я спадзяюся на справядлівасць і сумленнасць. Не было і дня, каб я не думаў аб сваім учынку. Усё жыццё я стараўся дапамагаць людзям і нават мая прафесія мае на ўвазе "несці ў свет нешта добрае". Усё, чаго я дабіўся – было дасягнута самастойнай і сумленнай працай. Я заўсёды глядзеў негатыўна на агрэсію і яе праявы. Заўсёды адразу вырашаў усе мірна.
Будучы эмацыйна прыгнечаным, перажываючы за навакольных я зрабіў тое, чаго сам спалохаўся. І ў выніку вырашыў, што ніколі і ні пры якіх абставінах не прымяню гэта [кактёйлі Молатава]. Маёй галоўнай мэтай стала пытанне ўтылізацыі гэтага. І калі б маё затрыманне не адбылося б, то злачынства, якое ставіцца мне ў віну, ніколі б не адбылося па маёй уласнай ініцыятыве і перакананнях. Зараз жа я ўбачыў абсалютна чужое для мяне жыццё, як кашмарны сон. Прашу вас разабрацца ў гэтай няпростай сітуацыі, звярнуць увагу на довады і аргументы, разглядзець ў ва мне не агрэсіўнага злачынца, а, у першую чаргу, чалавека, які перажывае не толькі за сябе, але і за навакольных.
Я здзейсніў памылку паддаўшыся эмоцыям, але ўсвядоміў, што гэта непрымальна. Распачаў спробу, хоць не ўдалую. Такія б думкі ніколі не выявіліся далей за словы. Я вельмі хачу вярнуцца да свайго паўнавартаснага жыцця, да сваёй працы і блізкіх. Прашу вас пачуць мяне, зразумець сітуацыю і прыняць справядлівае рашэнне. Дзякуй за выдаткаваны час".
Чым усё скончылася
Суддзя Максім Трусевіч 3 лютага асудзіў хлопца па двум артыкулам Крымінальнага кодэкса (ч. 1 арт. 295-3 і арт. 13 ч. 2 арт. 293) і асудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Крыніца: Мінчука асудзілі да 5 гадоў калоніі за падрыхтоўку ва ўдзеле ў масавых беспарадках