А Бібік і М. Копач у судзе. У судзе Першамайскага раёна Мінска 2 лютага працягваўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да маладых жыхароў Мінска Ангеліны Бібік і Мацвея Копача. Іх вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 370 (Здзек над дзяржаўнымі сімваламі) і ч. 2 арт 339 (Хуліганства, здзейсненае групай асоб).

Справу разглядае суддзя Таццяна Ліннік, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Худаешка.

Як устаноўлена следствам, абвінавачаныя - маладыя хлопец і дзяўчына 7 лістапада 2020 года ўначы сарвалі разам з флагштокам на вуліцы Куйбышава дзяржаўны сцяг. Затым сталі яго таптаць нагамі, пляваць на яго, а на завяршэнне падпалілі сцяг з дапамогай гаручай вадкасці. Гэтыя дзеянні здымаліся на мабільныя тэлефоны іх знаёмымі.

Была нанесеная матэрыяльная шкода ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска. Абвінавачаныя выплацілі яе па 39 рублёў 78 капеек кожны.

У Мінску судзяць за спалены дзяржаўны сцяг

Адвакаты выказалі пратэст супраць абвяшчэння ў судзе допытаў сведак, якія былі раней у статусе падазраваных - непаўнагадовай Карыны Аляксандравай і Уладзіслава Свігача. Менавіта Свігач і здымаў сцяг у тую ноч.

На судовым пасяджэнні 2 лютага адбыліся спрэчкі бакоў, выступ дзярржабвінаваўцы, адвакатаў, прагучала  апошняе слова абвінавачваных.

Пракурор Худаешка прапанаваў выключыць з абвінавачвання артыкул пра хуліганства, здзейсненае групай асоб і пакінуць толькі здзек над дзяржаўным сцягам ( арт.370 КК РБ).

Урэшце ён запрасіў для Ангеліны Бібік і Мацвея Копача па аднаму году абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.

Прысуд будзе вынесены 4 лютага.

Крыніца: Сарвалі з будынка сцяг і падпалілі. Пракурор запрасіў “хатнюю хімію”