У судзе Заводскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Івана Канявегі — індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара канцэртнага агенцтва Horse&Vega. Яго абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса па падзеях у сталіцы з 9 на 10 жніўня: па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), ч. 1 арт. 218 КК (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Справу разглядаем суддзя Кацярына Мурашка. Паводле тэксту абвінавачвання, ноччу 10 жніўня, з 00:40 да 00:45, Канявега з групай грамадзян выйшаў на праезную частку на скрыжаванні вул. Багдановіча-Купалы-Старажоўскай, што прывяло да парушэння працы транспарту. Сваімі дзеяннямі ён перашкаджаў дзейнасці органаў правапарадку, з яго боку зыходзіла пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да іх. Таксама ён нанёс не менш двух удараў рукамі па задняй арцы і шкле службовага аўтамабіля ДАІ. У гэты час Іван Канявега быў цвярозы.
Абвінавачаны не прызнае сваёй віны ні па адной з прыпісаных яму артыкулаў. Адзінае, што ён прызнае, — гэта тое, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Канявега адмаўляе, што ў яго быў злачынны намер і што ён нібыта ўжываў гвалт. З яго слоў, ён наадварот казаў іншым грамадзянам паводзіць сябе мірна.
На судзе ён сказаў, што сапраўды спрабаваў спыніць машыну ДАІ, бо баяўся, што яна на вялікай хуткасці заедзе ў натоўп людзей, якія знаходзіліся на дарозе. Ён два разы ўдарыў рукой па машыне ззаду злева для прыцягнення ўвагі супрацоўнікаў ДАІ. На машыне засталіся адбіткі яго пальцаў, па якіх пазней яго і ідэнтыфікавалі.
Іван Канявега пагасіў палову сумы нанесенай шкоды за рамонт аўтамабіля ДАІ (астатнія 50% — іншы абвінавачаны па прозвішчы Луковіч). Абвінавачаны папрасіў прабачэння перад супрацоўнікамі ДАІ і раскаяўся ў сваіх дзеяннях.
На судзе далі паказаньні два інспектара ДАІ, па справе прызнаныя пацярпелымі, — Раманоўскі і Раткевіч. Згодна з іх паказаннямі, "натоўп акружыў іх машыну, людзі кідалі ў іх пластыкавыя бутэлькі з вадкасцю, білі нагамі, рукамі і іншымі часткамі цела па машыне, нанеслі шмат пашкоджанняў". Па іх словах, у той момант ім стала страшна за сваё жыццё і таму яны з'ехалі. Пры гэтым «напад» на машыну доўжылася хвіліну-паўтары. Ніякіх траўмаў супрацоўнікі ДАІ не атрымалі, а толькі спужаліся.
Абодва пацярпелых заявілі грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 500 і 400 рублёў. Раманоўскі не змог толкам патлумачыць, чаму менавіта на такую суму, сказаў, што " а перажыванні аб пашкоджанай машыне і магчымым развіцці падзей". Раткевіч жа патлумачыў неабходнасць кампенсацыі тым, што пасля інцыдэнту ў яго пачалася бессань. Грошы яны хочуць перадаць дзіцячаму дому.
Будзе дапоўнена
Крыніца: Спрабаваў спыніць машыну ДАІ, каб яна не заехала ў людзей. У Мінску пачаўся суд над Іванам Канявегам