Праваабаронцы накіравалі ў Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі альтэрнатыўную справаздачу аб выкананні Рэспублікай Беларусь адпаведнай Канвенцыі ААН. Аўтары справаздачы прыйшлі да высновы, што рома ў Беларусі падвяргаюцца дыскрымінацыі, асабліва ў працоўнай сферы, вынікам чаго становяцца выключэнне, скрайняя беднасць, крыміналізацыя часткі ромскага насельніцтва Беларусі. Як адзначаецца ў справаздачы, спецыфіка Беларусі заключаецца ў тым, што дзяржава не толькі не прымае неабходных сістэмных мераў для паляпшэння становішча ромскага насельніцтва, але і падвяргае людзей рэпрэсіям за сам факт іх гаротнага становішча. Гэта выяўляецца ў пераследзе рома, якія знаходзяцца за мяжой беднасці, не могуць выплаціць «падатак на дармаедства» або даказаць законнасць паходжання сваіх даходаў. Сітуацыю пагаршае пагроза адабрання дзяцей у малазабяспечаных сем'яў.
Адсутнасць дзяржаўных праграмаў працаўладкавання і немагчымасць знайсці легальны спосаб заробку штурхае некаторых рома на парушэнні закона, што, пры абвінаваўчым ухіле беларускага правасуддзя, прыводзіць да непрапарцыйна высокай колькасці рома (у параўнанні з агульным адсоткам ромскіх жыхароў у краіне) сярод зняволеных турмаў і калоній Беларусі.
Праваабаронцы лічаць неабходным прыняць наступныя меры для абароны правоў рома Беларусі: рэалізаваць праграму па забеспячэнні права ўсіх рома на абавязковую поўнуюадукацыю і працаўладкаванне па спецыяльнасці; спыніць этнічнае прафіляванне ў дачыненні да прадстаўнікоў ромскай меншасці з боку міліцыі; забяспечыць недыскрымінацыйнае стаўленне судоў; разглядаць усе заявы аб дыскрымінацыі, у тым ліку аб парушэнні правоў зняволеных у турмах і папраўчых калоніях. Акрамя таго, ураду рэспублікі Беларусь рэкамендавана адмовіцца ад антыканстытуцыйнага дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" (які абавязвае ўсіх непрацуючых плаціць падатак) і дэкрэта №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем'ях" (які дазваляе пазбавіць бацькоўскіх правоў з прычыны беднасці, хваробаў і іншых абставінаў, перад якімі людзі не вольныя). Павага да правоў чалавека патрабуе неадкладнай адмены смяротнага пакарання, якое ўсё яшчэ існуе ў Беларусі (яно ўжывалася і да асуджаных ромаў) насуперак нормам міжнароднага права.
Альтэрнатыўны даклад «От сумы до тюрьмы: порочный круг нарушения прав рома Беларуси» заснаваны на матэрыялах, сабраных супрацоўнікамі АДЦ «Мемарыял» падчас палявой місіі ў Беларусі ўвосень 2017 года, і падрыхтаваны пры ўдзеле Міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом». Дакумент прадстаўлены да 94-й сесіі Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі ААН, якая пройдзе з 20 лістапада па 8 снежня ў Жэневе і на якой будуць разгледжаны дваццаты - двадцать трэці перыядычныя даклады беларускай дзяржавы.
Крыніца: У ААН прадстаўлены альтэрнатыўны даклад пра парушэнне правоў рома ў Беларусі