Суд Мінскага раёна працягвае разгляд крымінальнай справы Крымінальнага кодэкса супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх абвінавачваюць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода машыны склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных судзяць за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры вобшуке ў іх дамах і машынах пасля затрымання: па ч. 1 ст. 295-3, ч. 2 арт. 296 і па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Мінчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля той самай машыны супрацоўніка. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю. Па паказаннях абвінавачаных, у пашкоджанні аўто і пры затрыманні прысутнічала каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных – пяць чалавек. У матэрыялах справы яны фігуруюць як "неустаноўленыя асобы" ці наогул адсутнічаюць. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Справу разглядае суддзя Віктар Шаўцоў. “Вясна” назірае за судовым працэсам і распавядае, як адбываецца працэс. На лаве падсудных знаходзяцца адразу пяць мінчукоў. Усіх судзяць за пашкоджанне ноччу 29 верасня групай асобаў машыны жонкі міліцыянта ў Баравой, а некаторых таксама – за рэчывы і прадметы, знойдзеныя ў іх пры вобшуку ўжо пасля затрымання: 

Мінскі раёны суд. Фота: spring96.org
Мінскі раёны суд. Фота: spring96.org

У чым сутнасць справы і што адбываецца на судзе?

  • 31-гадовы беспрацоўны Ягор Еўстратаў – ч. 2 арт. 339, ч.1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса;
  • 28-гадовы развозчык піцы Павел Сахарчук – ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі) Крымінальнага кодэкса.
  • 32-гадовы работнік метро Арцём Анішчук – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса;
  • 32-гадовы работнік піцэрыі Андрэй Нечыпар – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса;
  • 39-гадовы трэнер па каратэ Антон Быкоўскі (гэта ён увесь у крыві на відэа ONT NEWS адказвае на пытанні супрацоўніка) – ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса.

Судовае следства доўжылася тры дні. У першы дзень суда дапыталі пацярпелага супрацоўніка ДВП МУС Аляксандра Гейца і дзвюх сведак па справе. На другі дзень агучылі праслухоўку размовы ад 28 верасня, на якой абвінавачаныя абмяркоўвалі розныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, бягучыя палітычныя падзеі ў Беларусі, месца і час збору і іншыя рэчы.

Па матэрыялах справах, усе абвінавачаныя састаялі ў чаце "Кепка", дзе было ўсіх дзесяць чалавек. Чат стварыў адзін з абвінавачаных – Павел Сахарчук, цягам часам там апынуліся іншыя. У ім абмяркоўвалася бягучая палітычная сітуацыя ў краіне, спосабы "пакарання" міліцыянта, а таксама абмеркаванне пашкоджання машыны жонкі Аляксандра Гейца. Пяць удзельнікаў чата — абвінавачаныя. Шосты ўдзельнік чата быў дапытаны ў якасці сведкі на першым судовым паседжанні. Яшчэ чатыры чалавекі, якія меркавана бралі ўдзел у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта, — "неустаноўленыя асобы". Абвінавачаныя выказваюць здагадку, што нявызначаныя асобы ў чаце — супрацоўнікі праваахоўных органаў. Гэта можа растлумачыць, як так хутка на месцы злачынства з'явіліся супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа, якія затрымалі абвінавачаных. 

Суд на працягу двух дзён дапытваў абвінавачаных. Вось, што яны распавядаюць.

Арцём Анішчук: Дагэтуль не веру, што гэта я зрабіў 

Арцём Анішчук. Фота: spring96.org
Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Арцёма Анішчука абвінавачваюць па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса, віну ён прызнаў цалкам. Ён распавёў, што з усіх абвінавачаных ведае толькі Паўла Сахарчука: сустрэўся з ім пасля перапіскі ў чаце "Кепка". Пасля гэтага сустракаліся і з іншымі людзьмі, абменьваліся меркаваннямі наконт палітычнай сітуацыі ў краіне. Яшчэ да сустрэчы ў чаце было зладжанае апытанне, хто як глядзіць на тое, каб пашкоджваць аўтамабілі дзейных супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Анішчук падтрымаў ідэю, хоць цяпер задумваецца, для чаго.

На папярэднюю сустрэчу 28 верасня сабралася 8-9 чалавек — удзельнікаў чата "Кепка". Яны сабраліся ў Фаніпальскім парку, каб абмеркаваць пашкоджанне аўто. Усе былі ў масках, таму Анішчук не можа сказаць, хто і што казаў. Яны абмяркоўвалі пракол шын, размалёўку — некаторыя былі супраць гэтага, у тым ліку, Сахарчук. Цяпер ён тлумачыць дзеянні статкавага інстынкту. Ніхто з удзельнікаў сустрэчы не ведаў супрацоўніка АМАП і ягоную жонку.

29 верасня да аўтамабіля Гейца яны падбеглі праз кусты: у іх быў балончыкі з пенай і фарбай. Арцём Анішчук сказаў, што Быкоўскі ўспеньваў, сам Анішчук — драпаў левы бок машыны, у Еўстратава быў нож, ён жа здымаў тое, што адбываецца на відэа. Цяпер Арцём Анішчук адмоўна ставіцца да сваіх дзеянняў:

“Дагэтуль не веру, што гэта я зрабіў".

Пасля пытанняў абароны абвінавачваны ўдакладніў, што ініцыятыву ў абмеркаванні справаў у чаце ён не праяўляў, у матэрыялах праслухоўкі не фігуруе. Кожную фразу ў чаце і на сустрэчах Арцём Анішчук успрымаў несур'ёзна:

Як быццам школьнікі абмяркоўваюць".

Андрэй Нечыпар: Хацеў, каб АМАПаўцы задумваліся над ужываннем сілы да жанчын 

Арцём Нечыпар. Фота: spring96.org
Андрэй Нечыпар. Фота: spring96.org

Андрэю Нечыпару ставіцца ў віну таксама адзін артыкул Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 339. Але віну, у адрозненні ад Анішчука, ён не прызнаў. Андрэй распавёў, што ведае Паўла Сахарчука і Арцёма Анішчука, візуальна — Ягора Еўстратава. Чат "Кепка" ствараўся для абмену думкамі і перажываннямі. Па словах Андрэя, яго заахвоціла ўступіць туды крыўда — хацелася абмеркаваць грубыя затрыманні жанчын. 23-24 верасня адбылася першая сустрэча ўдзельнікаў, на якой усе пазнаёміліся — там былі ўсе абвінавачаныя. Павел Сахарчук прынёс пакет, з якога кожны мог узяць нешта сабе бясплатна: ён узяў дубінку, каб засцерагчы сябе ў начны час, калі ён працуе ў таксі, але так і не выкарыстоўваў яе.

На сустрэчы 28 верасня таксама былі ўсе абвінавачаныя, яны абмяркоўвалі гвалт з боку АМАПа, разважалі, "як мяккім і законным чынам даць зразумець супрацоўнікам, што нельга біць жанчын і дзяцей". На праслухоўцы хтосьці казаў пра тое, што трэба "пажасціць, падпаліць", але ўсе абвінавачаныя адмовіліся гэта рабіць. Арцём Нечыпар выказаў здагадку, што на гэта злачынства іх правакавалі людзі, якіх няма ў абвінавачаных.

Па якім прынцыпе выбралі транспарт, ён не ведае: не ўдакладняў і не пераправяраў. Да месца сустрэчы ехаў на сваёй машыне, па дарозе забраўшы Анішчука і Еўстратава. Яшчэ тры чалавекі (не абвінавачаныя) былі ўжо на месцы. Па словах Андрэя Нечыпара, адзін з іх нерваваўся і, магчыма, быў пад рэчывамі. Дзе былі астатнія, Нечыпар не бачыў. Яму выдалі балончык — Андрэй не памятае хто. Ён падбег да машыны, расхваляваўся, не ведаў, што маляваць — ніхто яму не падказаў. Таму — намаляваў «калякі-малякі». Што рабілі іншыя, ён не бачыў — чуў толькі скрыгат і шыпенне пены. Еўстратаў здымаў тое, што адбываецца на свой тэлефон. Свой учынак Андрэй Нечыпар патлумачыў тым, што хацеў, каб АМАПаўцы задумваліся над ужываннем сілы да жанчын:

"За аўтамабілем даглядаеш, як за жанчынай, і, калі яе пашкодзіць, будзе непрыемна ўладальніку. Гэтак жа і жанчына: аб ёй трэба клапаціцца і не варта прымяняць да яе сілу”.

Пасля дадатковых пытанняў адваката Нечыпар адзначыў, што чалавек, які заклікаў да падпалу, быў з імі і 29 верасня, ён жа разбіў бутэльку аб камень на адной з сустрэч і сказаў: "Усё, я гатовы". Больш на сустрэчах да актыўных дзеянняў заклікаў не адзін з пяці абвінавачаных, а іншы чалавек. Але спальваць машыну ніхто не хацеў.

У Андрэй Нечыпара трое дачок — на дваіх старэйшых ён плаціць аліменты, яго дзяўчына знаходзіцца ў дэкрцэце. На пасяджэнні пацярпелы таксама адмовіўся ад пакрыцця абвінавачанымі нанесенай шкоды.

Павел Сахарчук: Мы былі хлапчукамі ў пясочніцы, якія не разабраліся, за што змагаліся

Павел Сахарчук. Фота: spring96.orgПавел Сахарчук. Фота: spring96.org

28-гадовага Паўла Сахарчука абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі). Ён прызнаў віну цалкам. На судзе Павел распавёў, што з абвінавачанымі меў зносіны ў чаце "Кепка", які ён і стварыў. Яны тройчы сустракаліся і абмяркоўвалі тое, што адбываецца ў краіне. У працэсе гутаркі хтосьці скінуў у чат фатаграфію машыны супрацоўніка АМАП, і яны вырашылі нешта з ёй зрабіць.

Як распавядае Павел, ноччу 29 верасня дзевяць чалавек сустрэліся, Быкоўскі дастаў прадметы, якія людзі разабралі. Сахарчук пачуў словазлучэнне "яе машыну" і ўдакладніў, чаму фігуруе жанчына, калі гэта павінна быць машына супрацоўніка АМАП. Нікога гэта не спыніла. Па сведчаннях Сахарчука, першым пайшоў Быкоўскі, які запеніў трубу. Сам Сахарчук прабіў колы нажом, а Нечыпар маляваў балончыкам. Еўстратаў здымаў тое, што адбываецца на відэа. Усё дзеянне заняло 15-20 секундаў. Падчас затрымання чацвёра чалавек "выпарыліся" — засталіся толькі пяцёра абвінавачаных.

На судзе Сахарчук называе дзеянні 29 верасня "эфектам натоўпу":

"Машына не вінаватая, аб'ектыўных прычын не было. Цяпер разумею, што быў дэгенератам, раскайваюся. Мне сорамна і шкада, што не ўдалося папрасіць прабачэння ў пацярпелага і яго жонкі. Мы былі хлапчукамі ў пясочніцы, якія не разабраліся, за што змагаліся.

Таксама Сахарчук распавёў, што з'яўляецца адміністратарам тэлеграм-чата "Партызаны Беларусі". Там ён запытваўся ў людзей, ці трэба ім абарончыя сродкі, а потым даслаў пасылку, у якой было шмат прадметаў: шокеры, пярцовыя балоны, тэлескапічныя дручкі. Іх ён раздаў людзям на адной з сустрэч у парку, сам нічога не ўзяў.

Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі (ч. 2 арт. 296 КК), Сахарчку ставяцца ў віну за нож, які перадаў яму Еўстратаў. Ім рэзалі шыны машыны жонкі Гейца.

Антон Быкоўскі: Гэта быў мой унутраны пратэст

Антон Быкоўскі на судзе 15 студзеня. Фота: spring96.org
Антон Быкоўскі на судзе 15 студзеня. Фота: spring96.org

Антону Быкаўскаму ставіцца ў віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства), ч. 1 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Віну па двух артыкулах ён прызнае часткова. Ноччу 29 верасня менавіта ён запеніў машыну. Антон Быкоўскі распавёў на судзе, што ён знаёмы з усімі абвінавачанымі па гэтай справе. Ён перапісваўся з імі ў тэлеграм-чаце "Кепка", які стварыў Павел Сахарчук.

"Мы ўсе састаялі ў тэлеграм-каналах "Чорная кніга Беларусі" і "Карнікі Беларусі". Там апісваліся каштоўныя ідэі для нас на той момант, як можна супрацьстаяць сілавікам і абараніць свой народ.

Гэта быў мой унутраны пратэст, накіраваны на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў МУС. У мяне быў такі эмацыйны стан [у сувязі з праведзенымі 9 жніўня ў Беларусі выбарамі і падзеямі, якія адбываліся пасля іх], што я адважыўся на гэта. Галасаваў, можна сказаць, упершыню. Такая хваля захліснула мяне, як і ўсіх... Я быў вельмі ўсхваляваны, я не мог заставацца ў баку. Пашкодзіўшы машыну супрацоўніку міліцыі, я хацеў паказаць, што людзі бачаць усе незаконныя дзеянні супрацоўнікаў. На той момант ні адной справы не было заведзена [за незаконныя затрыманні, катаванні і збіццё дэманстрантаў]".

Антон распавёў, што ў пашкоджанні машыны ўдзельнічалі дзевяць чалавек — усе былі ў масках. Ён распавёў, што прынёс балоны з фарбай і мантажнай пенай. Адзін чалавек, якога няма сярод абвінавачаных, першы ўзяў балон. Па словах Антона, яны ўсё доўга не вырашаліся, але быў чалавек, які іх падштурхоўваў і падтрымліваў, — яго няма сярод абвінавачаных.

"Адзін з людзей разбіў бутэльку каля машыны. Яго сярод нас няма. Я запытаўся ў яго, навошта ён гэта зрабіў. Ён сказаў, каб я не хваляваўся, "гэта хатняя нарыхтоўка". Пасля гэтага ён паклаў горла бутэлькі сабе ў кішэню".

Антон распавёў, што не бачыў, як іншыя абвінавачаныя пашкоджвалі машыну. Паводле яго словаў, з прычыны стрэсавай сітуацыі ноччу 29 верасня, ён не мог ідэнтыфікаваць іх. Суддзя эмацыйна спытаў у яго, ці ёсць у Быкоўскага канкрэтныя доказы збіцця Гейцам [пацярпелым па справе] людзей. Абвінавачаны сказаў, што такіх дадзеных у яго няма.

Суддзя абвясціў паказанні Антона, дадзеныя падчас следства, дзе гаворыцца, што яны з Сахарчуком загаддзя абмяркоўвалі пашкоджанне машыны. Суддзя спытаў, ці настойвае ён цяпер, што яго нібыта падбухторвалі да здзяйснення злачынства. Быкоўскі пачаў казаць, што чатыры чалавекі кудысьці "выпарыліся", але суддзя зноў перазапытаў тое ж самае. Быкоўскі сказаў: "Не".

Па артыкуле 328 КК Быкоўскі прызнаў віну часткова: толькі не прызнаў, што перавозіў знойдзеныя рэчывы. Ён патлумачыў, што куст канопляў знайшоў у лесе, калі гуляў са сваімі сабакамі, сабраў лісце і насенне. Ён пасадзіў насенне і сушыў лісце толькі ў мэтах асабістага ўжывання.

Ягор Еўстратаў: Гэта зрабіў супрацоўнік праваахоўных органаў, каб абазначыць, дзе мы знаходзімся

egor_90.jpg
Ягор Еўстратаў. Фота: spring96.org

31-гадовага Ягора Еўстратава абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 339, ч.1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў). На першым паседжанні Ягор Еўстратаў па арт. 295-3 КК цалкам прызнаў віну, а па арт. 339 КК – часткова.

Ягор Еўстратар распавёў на судзе, што ён пазнаёміўся адразу з Паўлам Сахарчуком на мітынгу ў падтрымку кандыдатаў. На наступнай сустрэчы Павел прапанаваў Ягора дадаць у чат, дзе з аднадумцамі абмяркоўваецца бягучая палітычная сітуацыя ў краіне:

"Мы шукаем спосабы, як супрацьстаяць гвалту, які адбываецца ў краіне", — патлумачыў Ягору прызначэнне чату Сахарчук.

Еўстратаў распавёў на судзе, як падчас першай сустрэчы з удзельнікамі чата "Кепка" Павел Сахарчук раздаваў абарончыя сродкі абароны, сярод якіх былі і дубінкі.

Ягор распавёў што ў чаце "Кепка" прабыў мала часу. 25 верасня, за 4 дні да таго, што адбылося, яго там ужо не было. Нейкую важную інфармацыю перасылаў яму Павел Сахарчук.

Пракурор спытаў, чаму яны выбралі для пашкоджання машыну Аляксандра Гейца.

"Таму што была інфармацыя ў тэлеграм-каналах "Чорная кніга Беларусі" і "Карнікі Беларусі". Там была інфармацыя, што ўладальнік машыны ўдзельнічаў у разгонах мітынгаў. Я безумоўна давяраю рэсурсу, пакуль мяне не падмануць. Была інфармацыя, што гэта аўтамабіль жанчыны, але карыстаецца ім яе муж.

Матыў быў такі: мае дзеянні былі выкліканыя эмоцыямі і накіраваныя на людзей у масках, якія ездзілі на машынах без нумароў і збівалі людзей. Таксама хачу нагадаць пра інцыдэнты, калі людзі паміралі. Калі б па дзеяннях гэтых неўстаноўленых асобаў былі пачаты праверкі і ад вышэйстаячых органаў рушыла ўслед агульнае асуджэнне падобнай жорсткасці, то ні я, ні хто-небудзь яшчэ не паступілі б так з аўтамабілем Гейца. Я хачу падкрэсліць, што нашыя дзеянні — гэта адказ на бяздзейнасць уладаў, поўная адсутнасць асуджэння гвалту з боку праваахоўных органаў. Гэта быў сігнал супрацоўнікам міліцыі — спыніць гвалт".

Ягор распавёў на судзе, што ў чаце абмяркоўвалі, што трэба зрабіць з машынай: выбралі больш лёгкі спосаб, каб яе можна было выправіць касметычным спосабам. Еўстратаў сказаў, што ён вырашыў зафіксаваць на відэа тое, што адбываецца.

"Мы не абмяркоўвалі, што мы будзем рабіць з відэа потым".

Па словах абвінавачанага, Ягор узяў з сабой нож, каб пракалоць шыны ў машыне, бо ні ў каго не было шыла. Ягор распавёў, што ў нейкі момант адзін з дзевяці прысутных разбіў бутэльку, сказаўшы "гэта хатняя нарыхтоўка". Яе горлышка ён паклаў сабе ў кішэню.

"Цяпер я думаю, што гэта зрабіў супрацоўнік праваахоўных органаў, каб абазначыць, дзе мы знаходзімся".

Распавёў, што падчас следства ён ўдзельнічаў у следчым эксперыменце. На судзе ён заўважыў, што ў судзе была паказаныя толькі часткі, хоць ён удзельнічаў з пачатку і да канца ў ім. Ён заявіў хадайніцтва, каб у судзе паглядзелі відэа цалкам, але суддзя адмовіў у яго задавальненні. Таксама Еўстратаў распавёў на судзе, што на этапе заканчэння следства яму не далі поўна азнаёміцца з матэрыяламі справы, ён падаў скаргу ў пракуратуру.

"За валасы паднялі галовы і залілі пярцовым газам"

Ягор распавёў на судзе, што ўначы 29 верасня ў двор у вёсцы Баравой, дзе знаходзіўся аўтамабіль, дзевяць чалавек дабіраліся праз лес. Потым адзін з дзевяці прапанаваў камусьці схадзіць на разведку. Ягор пайшоў з ім.

"Ёсць здагадка, што гэта быў другі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, які падаў сігнал, што мы на месцы".

Ягор непасрэдна не наносіў пашкоджанні машыне — ён здымаў усё на тэлефон. Ён распавёў, што не можа сказаць, што хто рабіў з абвінавачаных. Пасля пашкоджанняў аўтамабіля, іх затрымалі. Паўла Сахарчука затрымалі не адразу — ён збег праз плот.

"Нас не лаяльна вялі, нас цягнулі. У нас пыталіся паролі ад тэлефонаў. Дакладней, не пыталіся, а выбівалі. Я сказаў, таму што бачыў, што рабілі з астатнімі. За валасы паднялі галовы і залілі пярцовым газам".

"Я ўпэўнены, што частка драпін з'явіліся ўжо пасля таго, як нас адвялі"

"Я нічога не пашкоджваў. Я ўпэўнены, што частка драпін з'явіліся ўжо пасля таго, як нас адвялі. Я так думаю, таму што драпаць маглі толькі два чалавекі: Сахарчук і Анішчук. Сахарчук праколваў шыны, а Анішчук драпаў".

У яго суддзя запытваецца, "навошта камусьці драпаць машыну пазней, калі ўсё знята на камеры", на што Ягор сказаў: "Я задаюся тым жа пытаннем".

Таксама Егора абвінавачваюць па ч.1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў) за знойдзенныя пры ператрусе дома бутэлькі з гаручай вадкасцю. Ягор растлумачыў, што зрабіў бутэльку з бензінам з матэрыяй, каб праверыць на палігоне на лецішчы, як гэта працуе, — "з чыстай цікаўнасці".

Ягор заявіў на судзе, што ён раскайваецца ў зробленым.

Еўстратаў распавёў, што ён перадаў свой нож Паўлу Сахарчуку, ён не задумваўся, што ён будзе рабіць з ім. Па словах Еўстратава, ён не ведае тых чатырох чалавек, якія ўдзельнічалі ў пашкоджанні машыны, таксама не ведае, дзе яны цяпер і што з імі адбылося:

"Я ведаю, што іх таксама затрымалі. Калі нас усіх залілі газам і павалілі на зямлю, іх паднялі чацвярых і сказалі везці. Больш гэтых людзей я не бачыў, яны як быццам "выпарыліся".

Як дзевяць чалавек ператварыліся ў пяць абвінавачаных?

Мінскі раённы суд 16 студзеня. Фота: spring96.org
Рукі Ягора Еўстратава. Фота: spring96.org

Абвінавачаныя настойваюць, што ў пашкоджанні машыны прымалі ўдзел каля дзевяці чалавек, якія потым кудысьці "зніклі". У судзе праглядзелі відэазапіс на некалькі секундаў з месца пашкоджання аўтамабіля. Здымка прырываецца на моманце крыкаў сілавікоў, калі тыя пачалі затрымліваць абвінавачаных. На гэтым відэазапісе амаль нічога не відаць. Суддзя Шаўцоў дапытваецца, чаму на відэа няма тых яшчэ чатырох чалавек, якіх узгадваюць абвінавачаныя. Адзін з абвінавачаных сказаў, што ў матэрыялах справы фігуруе балон з белай фарбай і яго якраз узяў адзін з чатырох "неустаноўленых" асобаў. Па паказаннях Нечыпара, ён пафарбаваў балонам двух чалавек, якімі не маглі быць абвінавачаныя. Матэрыялы справы пра гэта замоўчваюць.

Спрэчкі бакоў па справе прызначаныя на 22 верасня на 11:00. 

Першы дзень суда:

«Памыліўся палітычнымі поглядамі». Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 11 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы Крымінальнага кодэкса супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх абвінавачваюць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».

Крыніца: Пашкоджвалі машыну жонкі міліцыянта каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных – толькі пяць