Берасцейскай актывістцы грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліне Шарэнда-Панасюк 12 студзеня прад'яўлена абвінавачанне: ёй інкрымінуюць гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Да гэтага яна знаходзілася ў статусе падазраванай.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, падсуднай ставяць у віну гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса, максімальнае пакаранне — да шасці гадоў пазбаўлення волі).
Паліну затрымалі 3 студзеня ў ходзе санкцыянаванага пракурорам Брэста агляду кватэры, дзе жыве яе сям'я: муж Андрэй, таксама актывіст «Еўрапейскай Беларусі», і двое іх малых дзяцей.
Актывістку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, 6 студзеня перавялі ў СІЗА № 7 Берасця.
"Ад сваякоў Паліны вядома, што яна адмаўляецца ад дачы паказанняў і заяўляе, што гэта палітычная справа, — адзначыў праваабаронца. - Актывістка застаецца пад вартай. Трымаць у СІЗА маці дзяцей, якім 4 гады і 11 гадоў, жорстка. Відавочна, такая мера стрымання абраная для таго, каб аказаць ціск на Паліну і яе мужа, каб яны адмовіліся ад выказвання сваіх поглядаў. Папросту ім хочуць закрыць раты".
Таксама ў Берасці будуць судзіць дзяўчыну па гэтым жа артыкуле - за прымяненне гвалту да супрацоўніка міліцыі. Калі віну дакажуць, дзяўчыне пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Як паведамляе binkl.by, пракуратура Брэста накіравала ў суд крымінальнау справу ў дачыненні да мясцовай жыхаркі 1991 года нараджэння, якой інкрымінавана прымяненне гвалту да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Паводле версіі следства, дзяўчына перашкодзіла законнай дзейнасці сілавіка і з помсты за выкананне ім службовых абавязкаў.
Згодна з матэрыяламі справы дзяўчына 25 кастрычніка 2020 года ў групе з неўстаноўленымі асобамі, крымінальная справа ў дачыненні да якіх выдзелена ў асобную вытворчасць, удзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Пасля затрымання супрацоўнікам АУС адміністрацыі Ленінскага раёна г. Брэста мужчыны за адміністрацыйнае правапарушэнне абвінавачаная ўжыла да праваахоўніка фізічны гвалт - перашкаджала праходу да службовага аўтамабіля, нанесла яму пабоі, хапала рукамі за форменнае абмундзіраванне і пашкодзіла яго.
Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры прыйшлі да высновы аб поўным і аб'ектыўным даследаванні абставінаў злачынства, наяўнасці дастатковых доказаў, пагадзіліся з кваліфікацыяй зробленага паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Дата суда пакуль не прызначаная.
Крыніца: Берасцейскай актывістцы Паліне Шарэнда-Панасюк прад'яўленае абвінавачванне Дапоўнена