12 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна пачаўся новы крымінальны судовы працэс. На лаве падсудных 5 чалавек — браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Аляксандр Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцава. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.
Усіх іх абвінавачваюць па артыкулах 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Справа распачата за падзеі ў Гродна 6 верасня 2020 года.
У справе фігуруюць 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Ніхто з іх на першае судовае пасяджэнне не з'явіўся. Суд пастанавіў выклікаць іх на іншае пасяджэнне. Пры тым прозвішчы "амапаўцаў" у справе змененыя, гэта тлумачыцца нібыта мерамі бяспекі ў дачыненні да іх.
Хто абвінавачаныя?
- Уладзімір Седзянеўскі, з вышэйшай адукацыяй, ёсць трое дзяцей 1,9,7 гадоў, працуе ў Гродне.
- Юрый Седзянеўскі, з вышэйшай адукацыяй, ёсць двое дзяцей 2 і 7 гадоў, працуе інжынерам.
- Аляксандр Якубоўскі, з вышэйшай адукацыяй, ёсць двое дзяцей 2.5 і 4 гады, дырэктар прыватнай фірмы.
- Жанна Захаркевіч, з вышэйшай адукацыяй, ёсць двое дзяцей 14 і 16.
- Надзея Сцепанцова, з вышэйшай адукацыяй, 17 гадоў сыну.
Раней ніхто з іх не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле абвінавачання, Аляксандр Якубоўскі шостага верасня прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, парушыўшы рух транспарту. Ужываў гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, сваімі дзеяннямі пасягаў на агульны спакой. Негатыўна рэагаваў на заўвагі. Маючы злачынны намер, прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу і пры гэтым перашкодзіў службовай дзейнасці 10 супрацоўнікаў міліцыі. Пагражаў прымяненнем гвалту да супрацоўнікаў, узяўшыся за рукі з чатырма іншымі ўдзельнікамі акцыі. Якубоўскі заахвоцілі грамадзян да гвалтоўных дзеянняў, прычыніў фізічны боль. Яму было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 342 і 364 Крымінальнага кодэкса.
Надзея Сцяпанцава шостага верасня ўдзельнічала ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, аказваючы пры гэтым відавочнае непадпарадкавання патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У сваіх дзеяннях мела злачынны намер, перашкодзіла службовай дзейнасці 12 супрацоўнікам АМАП. Таксама яна пагражала прымяненнем гвалту да супрацоўнікаў міліцыі, аказвала супраціў і нанесла адну траўму – ударыла па твары аднаго з супрацоўнікаў. Акрамя таго, паводле абвінавачвання, з-за далейшага ўдзелу ў шэсці да ўнівермага «Брэст» быў нанесены ўрон аўтапарку памерам у 61 рубель.
Уладзімір Седзянеўскі абвінавачваецца ў тым, што шостага верасня, дакладна ведаючы аб правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, прыбыў на месца яго правядзення, «натхняў» навакольных на ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ён замахваўся на грамадскі спакой, негатыўна рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, аказваў непадпарадкаванне. Нанёс шкоду аўтапарку ў памеры 20 руб і 51 рубля – тралейбуснаму парку. Арганізавана узяўшыся за рукі з іншымі ўдзельнікамі акцыі, Седзянеўскі і іншыя выштурхоўвалі супрацоўнікаў УУС з праезнай часткі, заклікалі іншых грамадзян да непадпарадкавання, што заахвоціла іх прымяняць гвалт да супрацоўнікаў, кідаць камяні.
У Юрыя Седзянеўскага і Жанны Захаркевіч змест абвінавачванняў падобны. Так, з абвінавачвання Юрыю Седзянеўскаму вынікае, што ён меў намер на ўжыванне гвалту да 13 супрацоўнікаў АМАП.
Што кажуць на судзе абвінавачаныя?
Аляксандр Якубоўскі сказаў, што ў той дзень (шостага верасня) ён накіроўваўся ў кампутарную акадэмію "Шаг", запісвацца на курсы, і ўбачыў групу людзей на вуліцы Гарнавых. Якубоўскі сцвярджае, што ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства не чуў і ніхто з людзей не парушаў грамадскі парадак. Ніхто нікога не папярэджваў аб якіх-небудзь парушэннях заканадаўства. Яго асабіста схапіў невядомы ў балаклаве, без усялякіх апазнавальных знакаў, пацягнуў, ударыў, потым адпусціў. Ніякіх мэтавых дзеянняў людзі не рабілі, проста інтуітыўна ўзяліся за рукі, калі на іх наляцелі невядомыя ў чорнай вопратцы. Якубоўскі адказаў на пытанні пракурора і заявіў, што ў мірных грамадзян не было ніякай агрэсіі і заклікаў да гвалтоўных дзеянняў. Наадварот, быў гвалт у дачыненні да мірных людзей, яго асабіста таксама затрымалі і завезлі ў Кастрычніцкі РАУС, пазней аштрафавалі на 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34.
Далей адбыўся допыт Надзеі Сцепанцовай. Яна сказала, што акрамя роднай сястры Жанны Захаркевіч, іншых трох абвінавачаных раней не ведала. 6 верасня збіралася паехаць у гандлёвы цэнтр, на вуліцы Гарнавых убачыла групу людзей, якая мірна ішла па тратуары, нічога не парушаючы. Ніхто нікога ні пра што не папярэджваў, убачыла людзей у чорным і балаклавах, якія пырскалі на людзей газам. Распавяла, што перажыла тады шок ад распыленага газу і брутальных дзеянняў людзей у чорным. Калі большасць людзей разбеглася, пачалася бойка з людзьмі ў чорным (амапаўцамі). Адзін з людзей у чорным закрычаў, што ён з Расеі, потым гэта крычалі і іншыя і пры тым яны "брудна" лаяліся матам. Ніхто з людзей не наносіў удараў невядомым, наадварот, гэта яны білі людзей. Сцепанцова бачыла, як адзін з іх душыў чалавека каленам. Ніякіх удараў ім Сцяпанцова не здзяйсняла. У яе спаўзла сумка з правага пляча і давялося здзейсніць рух, каб утрымаць сумку, - менавіта гэта дзеянне следства палічыла чамусьці "ударам". Толькі 10 лістапада Сцяпанцову выклікалі ў Следчы камітэт і тады яна даведалася, што праходзіць па крымінальнай справе.
Перапынак да 14.30