5 студзеня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска пачаўся яшчэ адзін судовы працэс па падзеях 14 ліпеня каля станцыі метро Плошча Перамога – там адбылася сутычка супрацоўнікаў АМАПу, якія праводзілі грубыя затрыманні, і грамадзянаў, што спрабавалі ім супрацьстаяць.
На лаве падсудных 22-гадовы студэнт БДУ Яўген Каліноўскі, якога вінавацяць у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК). Хлопец быў затрыманы 27 ліпеня і з таго часу знаходзіцца пад вартай.
Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч. Дзяржабвінаваўца – Зубко.
Пацярпелыя – два супрацоўнікі АМАП Ігар Астапук і Алег Бразноў. Ігар Астапук ужо ўдзельнічаў у працэсе над Іллём Турковым, якого асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі.
Сваёй віны ў судзе Яўген Каліноўскі не прызнаў. Прасіў у якасці абаронцы дапусціць у судовы працэс яго бацьку, аднак суд адмовіў у хадайніцтве.
Паводле абвінавачвання, Яўген Каліноўскі 14 ліпеня не пазней 20 гадзін прыбыў на праспект Незалежнасці ў Мінску, дзе з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак, спалучаных з яўным непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў АУС. Абвінавачаны далучыўся да групы грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ва ўказаных супрацьпраўных дзеяннях, знаходзіўся ў счэпцы лакцямі ў першых шэрагах масавага мерапрыемства, публічна выкрыкваў лозунгаў, гучна пляскаў у далоні.
Ён жа, знаходзячыся каля дома 31а на праспекце Незалежнасці, наўмысна з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў АУС, ужыў гвалт у дачыненні да Алега Бразнова – нанёс адзін удар кулаком у галаву, пасля гэтага схапіў яго рукамі за шыю і паваліў на зямлю, а затым нанёс пацярпеламу адзін удар каленам у галаву і адзін удар нагой у галаву, пасля чаго збег.
У выніку злачынных дзеянняў Яўген Каліноўскі прычыніў Бразнову пабоі і фізічны боль, а таксама лёгкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя ў выглядзе закрытай чэрапна-мазгавой траўмы лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу і крывападцёкаў на твары.
Там жа наўмысна ўжыў гвалт у дачыненні да Ігара Астапука, падбегшы да пацярпелага і з разгону штурхнуўшы яго двума рукамі ў спіну, з-за чаго пацярпелы страціў раўнавагу, аднак паспеў схапіць Каліноўскага за рукаў верхняга адзення, хацеў яго затрымаць. У сваю чаргу Каліноўскі наўмысна аказаў супраціў Астапуку, спалучаны з прымяненне гвалту, а менавіта зрабіў кулёк праз галаву спіной наперад, штурхнуў двума нагамі Астапука ў тулава, згрупаваўся, падціснуўшы да сябе рукі і ногі, нанёс пацярпеламу два ўдары нагой у галаву, пасля чаго вырваўся з захопу і збег. У выніку сваіх дзеянняў падсудны прычыніў пацярпеламу пабоі і фізічны боль, цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя, у выглядзе ранак кісцей рук, а таксама пашкодзіў рукаў форменнай курткі коштам 23 рублі 51 капейка.
- Пацярпелы Ігар Астапук і абвінавачаны Яўген Каліноўскі ў момант спробы затрымання апошняга. Скрыншот з відэа TUT.BY
- Пацярпелы Ігар Астапук і абвінавачаны Яўген Каліноўскі ў момант спробы затрымання апошняга. Скрыншот з відэа TUT.BY
Віна Яўгена Каліноўскага, па меркаванні дзяржабвінаваўцы, пацвярджаецца паказаннямі абвінавачанага і пацярпелых, пісьмовымі матэрыяламі справы.
Ігар Астапук у судзе распавёў, што быў на службе ў месцы названых падзей, там было шмат людзей, якія выкрыквалі лозунгі «Жыве Беларусь», «Стоп таракан», «Фашысты», стаялі ў счэпцы. Яны з іншымі супрацоўнікамі АМАП, у прыватнасці з напарнікам Віталём Самалётавым, неаднаразова падыходзілі да грамадзянаў і казалі, што мерапрыемства з'яўляецца несанкцыянаваным. Але людзі не рэагавалі. Па словах пацярпелага, Каліноўскі пляскаў у ладкі, але не памятае ці выкрыкваў той лозунгі.
Потым паступіла каманда затрымліваць найбольш актыўных удзельнікаў, Ігар Астапук з напарнікам затрымалі аднаго такога ўдзельніка, вялі ў спецтранспарт, але пры ўздыме на горачку, Самалётава ўдарылі нагой у спіну, ён упаў. У гэты ж момант да пацярпелага падбег Яўген Каліноўскі, двума рукамі штурхнуў у спіну, Астапук паспеў павярнуцца, схапіць яго за кофту, разам яны скаціліся ўніз, далей спрабаваў затрымаць падсуднага, але з усіх бакоў сталі падбягаць людзі, біць яго і Самалётава. Калі людзі спрабавалі адцягнуць Каліноўскага ад пацярпелага, падсудны некалькі разоў ударыў нагамі Астапука ў галаву - спецыяльна ці адмахваючыся, пацяпрелы не ведае. Пасля гэтага пацярпелы быў на лячэнні ў шпіталі МУС на працягу 9 дзён.
Таксама Ігар Астапук заявіў кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, якую збіраецца накіраваць на падтрымку дзіцячага дома.
Абаронца Яўгена Каліноўскага ўказаў на шэраг супярэчнасцеў у паказаннях Ігара Астапука: пацярпелы падчас папярэдняга следства не казаў, што менавіта абвінавачаны наносіў яму ўдары пры затрыманні, і не змог дакладна ўказаць, у які момант у яго з’явіліся драпіны на руках і кім яны былі яму нанесеныя, бо не звярнуў на гэта ўвагі. Аднак пасля прагляду відэазапісу падчас апошняга допыта напрыканцы лістапада 2020 года і ў судзе Ігар Астапук упэўнена заяўляў пра тое, што драпіны на руках былі нанесеныя яму з-за дзеянняў Яўгена Каліноўскага.
Быў апытаны і другі пацярпелы Алег Бразноў.
Ён распавёў, што на месца прыехаў значна пазней, недзе ў 20.30, бачыў Астапука, Самалётава і іншых супрацоўнікаў АМАП (прозвішчы іх у судзе называць не захацеў), таксама бачыў грамадзянаў, якія ў большасці стаялі на зялёнай зоне і тратуары, некаторыя ў счэпчы, міліцыянеры папярэджвалі іх аб незаконнасці мерапрыемства. Сам Алег Бразноў таксама казаў людзям, што мітынг несанкцыянаваны і яны павінны разыйсціся.
Пацярпелы не бачыў блізка Яўгена Каліноўскага, але ў нейкі момант яго нехта ўдарыў. Хто гэта быў Алег Бразноў даведаўся толькі калі праглядзеў відэазапісы і яму ўказалі на чалавека і назвалі яго.
Ён заявіў матэрыяльную кампенсацыю за фізічныя і маральныя пакуты ў памеры 3000 рублёў. Маральныя пакуты Алега Бразнова звязаныя з тым, што яго блізкія яго не бачылі, пакуль ён быў у шпіталі, а таксама асабістыя звесткі яго і яго сям’і з’явіліся ў тэлеграм-канале “Карацелі Беларусі” пасля чаго ў яго адрас пачалі паступаць пагрозы.
Прасіў строга падсуднага не караць.
Абаронца таксама ўказала на шэраг супярэчнасцяў у паказаннях Алега Бразнова на папярэднім следстве і ў судзе. Так на першым допыце яшчэ ў якасці сведкі пацярпелы дакладна апісаў чалавека, які яго стукнуў і піхнуў, а таксама казаў пра тое, што не бачыў колькі людей наносілі яму каля 5-10 удараў пакуль ён ляжаў.
Свае паказанні ў судзе даў і Яўген Каліноўскі.
Разгляд справы працягваецца 6 студзеня ў 10.30.
Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. Інфармацыя будзе дапоўненая.
Іллю Туркова асудзілі да чатырох гадоў калоніі за падзеі 14 ліпеня
Крыніца: Яшчэ адна крымінальная справа па падзеях 14 ліпеня разглядаецца ў Першамайскім судзе