25 снежня ў Беларусі працягваюцца розныя формы ціску на палітычных актывістаў, журналістаў і зняволеных. ПЦ "Вясна" фіксуе факты палітычнага пераследу. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Палітвязню Ігару Лосіку падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 25 сакавіка. Сёння павінна было скончыцца паўгадавое зняволенне, аднак на свабоду палітвязень не выйдзе. Сам Ігар Лосік працягвае галадоўку, якую абвясціў 15 снежня.
У Драгічыне пад хатні арышт адправілі журналіста сайта “Першы Рэгіён" Сяргея Гардзіевіча, паведамляе БАЖ. Пра гэта стала вядома 25 снежня, калі скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання журналіста.
Паводле інфармацыі рэдакцыі сайта, Сяргей Гардзіевіч быў затрыманы 22 снежня з удзелам супрацоўнікаў АМАПу па дарозе з Драгічына ў Брэст. Пазней у яго доме адбыўся ператрус. Затрыманне журналіста звязанае са справай, распачатай паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (“Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”).
24 снежня рэдактара сайта “Першы Рэгіён" Паўла Дайліда раптоўна выклікалі для апытання ў Івацэвіцкі РАУС, а за гэты час хтосьці скарыстаўся асабістым смартфонам, які рэдактар пакінуў у камеры захоўвання ў міліцэйскім аддзяленні. У выніку з акаўнта Паўла Дайлідабыла выдалена згаданая група ў Viber.
Сайт "Першы Рэгіён" — прыватнае медыя. Працуе для шэрагу гарадоў Брэсцкай вобласці: Івацэвічаў, Бярозы, Пінска, Ганцавіч, Драгічына.
Інфармацыя будзе дапаўняцца