24 снежня ў Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі мірных акцый, заводзяцца новыя адміністрацыйныя і крымінальныя справы, працягваецца ціск на грамадзян за іх актыўную пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. ПЦ "Вясна" фіксуе факты палітычнага пераследу. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Мядзелі ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да мясцовага актывіста Станіслава Таспаева. Яго падазраюць у паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэкса). Паведамляецца, што на яго адваката таксама аказваецца ціск: ДАІ выпісала яму за кароткі час ужо тры штрафы. 

"Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе", што журналістку БелаПАН Віялету Саўчыц прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 22 кастрычніка, якую яна асвятляла. 21 снежня суд Заводскага раёна Мінска аштрафаваў яе на 30 базавых велічыняў (810 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП. Пра гэта журналістка даведалася толькі сёння постфактум. На самой акцыі людзей з інваліднасцю 22 кастрычніка Віялету Саўчыц не затрымлівалі, а склалі пратакол таксама постфактум.

Таксама 24 снежня раённыя суды Мінска і іншых гарадоў працягваюць праводзіць пасяджэнні па адміністрацыйных справах у дачыненні да мірных дэманстрантаў.

ПЦ "Вясна" з дапамогай валанцёраў працягвае збіраць інфармацыю пра вынікі судовых пасяджэнняў.

*Карыстайцеся пошукам і сарціроўкай, каб хутка знайсці інфармацыю.

Крыніца: Хроніка пераследу і судовыя рашэнні за 24 снежня