У судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 18-гадовага Іллі Піражкова, якога вінавацяць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за падзеі 23 верасня.
Справу разглядае Таццяна Шоцік, дзяржабвінаваўца – Рамановіч.
Паводле абвінавачвання, 23 верасня Ілля Піражкоў прыехаў на перакрыжаванне вуліц Пляханава і Ракасоўскага, дзе прыняў удзел у блакаванні транспарту, хлопаў у далоні, на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў, наўмысна перашкаджаў руху транспарту з 20:50 гадзін, у выніку адбылося спыненне транспарту, што перашкодзіла працы КТУП Мінсктранс. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
Падсудны быў затрыманы 16 кастрычніка і з таго дня знаходзіўся пад вартай.
Ілля Піражкоў у судзе прызнаў віну. Ён патлумачыў, што дамовіўся з сябрам з’ездзіць паглядзець на мітынг, раней удзелу ў масавых мерапрыемствах не прымаў. Яны накіраваліся ў цэнтр да Стэлы, але там нічога не адбывалася. Пасля Ілля Піражкоў даведаўся з тэлеграм-каналаў пра мітынг у мікрараёне “Серабранка”, яны з сябрам паехалі туды. На праезнай частцы дарогі падсудны знаходзіўся 2-3 хвіліны, дзе блакавалі рух тралейбуса.
Пазней, 9 кастрычніка Іллю Піражкова судзілі за ўдзел 23 верасня ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Суддзя Марына Запаснік пакарала хлопца 7 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Сёння ў судзе былі дапытаныя і сведкі. Першым выступаў кіроўца тралейбуса. Ён распавёў, што збіўся з графіку, спазненне яго транспарту склала 5-6 хвілінаў, абвінавачанага сярод тых, хто перакрываў дарогу, ён не пазнаў, бо ўсе ўдзельнікі былі ў масках.
На яго думку, адставанне ад графіку было не крытычны, ён скараціў яго павялічыўшы хуткасць руху.
Другім выступаў сябра абванівачанага – Бурымскі, з якім разам ездзілі глядзець мітынг. Ён з’яўляецца падазраваным па іншай крымінальнай справе.
Таксама ў якасці сведкаў выкліканыя маці і сяброўка Іллі Піражкова.
Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. Інфармацыя будзе дапоўненая.
Нагадаем, 22 снежня па аналагічнай справе ў Ленінскім судзе г. Мінска былі вынесеныя прысуды па справе па блакаванні дарогі ў Серабранцы. Вользе Класкоўскай прысудзілі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Артуру Булаўскаму і непаўналетняму Максіму Бабічу — два з паловай і тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову ("хатняй хіміі") адпаведна. Хлапцоў вызвалілі з-пад варты ў залі суда.
Вынесеныя прысуды па справе блакавання дарогі ў Серабранцы
Крыніца: Суд пачаў разглядаць другую справу па блакаванні дарог у сталічнай Серабранцы