Палітычны зняволены Кірыл Паўлавец, які абвінавачваецца па арт. 342 Крымінальнага кодэкса за «Марш вызвалення палітвязняў», захварэў у жодзінскай турме на каранавірус, праз гэта яго змясцілі ў шпіталь. З-за гэтага суд па яго справе перанеслі на студзень. Пра гэта “Вясне” паведаміла жонка Кірыла Таццяна. За кратамі палітвязень знаходзіцца ўжо трэці месяц.  «Ён напісаў мне ліст 6 снежня і казаў што яму дрэнна. Там яму сказалі што ў яго ангіна. Потым яго бацька павёз перадачу і сказаў што ў яго ўжо камера іншая. 17 снежня ў яго заканчваўся тэрмін арышту і яго павінны былі перавесці ў Мінск на суд, але адвакат сказала, што ён на карантыне.

Кірыл з сям'ёй
Кірыл з сям'ёй

Я не ведаю, у якім Кірыл стане ў шпіталі, бо туды немагчыма нават датэлефанавацца», — распавяла жонка Кірыла.

Нагадаем, будаўніка з Мінску Кірыла Паўлаўца затрымалі 4 кастрычніка пасля «Марша вызвалення палітвязняў». Калі Кірыл быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумару, папрасілі выйсці ва двор і адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах. Кірыла асудзілі па арт. 23.34 КаАП на 14 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў. Яму прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Адразу яго змясцілі ў СІЗА-1 у Мінску, але 4 лістапада Кірыла перавялі ў следчую турму ў Жодзіна, дзе ён і захварэў на COVID-19. 

Як распавяла жонка Кірыла, лісты вельмі дрэнна даходзяць да мужа, таму ліставацца нармальна не атрымліваецца. Дома Кірыла чакаюць непаўнагадовыя дзеці 2 і 4 гадоў.

Адрас для лістоў салідарнасці Кірылу Паўлаўцу:

Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Крыніца: Палітвязня Кірыла Паўлаўца паклалі ў шпіталь з COVID-19. Суд праз гэта перанеслі