18 снежня ў Беларусі працягваюцца затрыманні, выклікі ў міліцыю, суды і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. ПЦ "Вясна" фіксуе факты палітычнага пераследу. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Суддзя суда Ленінскага раёна г. Мінска Юлія Інчына вынесла рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Ірыны Мышкавец. Жанчыну вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 18 кастрычніка, здзейсненным паўторна на працягу года (ч. 3 арт. 23.34 КаАП). Да гэтага справу неаднаразова адпраўлялі на дапрацоўку, аднак сёння Юлія Інчына палічыла віну Ірыны Мышкавец даказанай і пакарала яе 15 суткамі арышту. Заўвагу адваката, што скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і справа павінна быць спыненая, бо з моманту правапарушэння мінула два месяцы, суддзя праігнаравала.
Глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача выклікаюць у РАУС Пастаўскага раёна, паведамляе БАЖ.
Участковы міліцыянт В.Е. Гарбуль, які даслаў позву, сказаў журналісту, што адразу пасля складання пратакола па арт. 22.9 КаАП справу Змітра Лупача разгледзіць Пастаўскі раённы суд. Журналіста вінавацяць у супрацы з тэлеканалам “Белсат”, а падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў відэасюжэт пра вёску Дразды ў Пастаўскім раёне.
Нагадаем, сёлета гэта пятая адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Раней па гэтым артыкуле яго судзілі ў Шаркаўшчыне, Паставах і Глыбокім.
Як паведамляе Белсат са спасылкай на УУС Мінаблвыканкаму, сем жыхароў Мінскай вобласці падазраюцца ў абразе прадстаўніка ўлады, крымінальная справа распачатая паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (максімальнае пакаранне – тры гады абмежавання волі).
Адзін з фігурантаў знаходзіцца ў Нямеччыне. Астатнія пражываюць на тэрыторыі Мінскай вобласці, іх дапыталі і яны даюць прызнальныя паказанні, кажуць у міліцыі.
«У верасні, пад выдуманымі нікнэймамі фігуранты размяшчалі абразлівыя каментары ў адрас супрацоўніка Жодзінскага ГАУС. У якасці пляцоўкі для выказвання сваіх думак выбралі сацыяльную сетку «Аднакласнікі» і тэлеграм-канал «Жодзіна для жыцця», - адзначаецца ў прэс-рэлізе УУС.
Тым часам у Мінску 21-гадовая дзяўчына размясціла абразлівы каментар у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пад апублікаванай там фатаграфіяй з асабістымі дадзенымі працаўніка аднаго са сталічных РУУС.
Па гэтым факце была распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (максімальнае пакаранне – тры гады абмежавання волі). Дзяўчына затрыманая і змешчаная ў ІЧУ.
Таксама паведамляецца, што комплексная праверка прыйшла ў краму «Адметнасць» у Горадні, дзе гандлююць нацыянальнай сімволікай: аддзел гандлю гарвыканкаму, супрацоўнікі міліцыі і МНС.
Інфармацыя будзе дапаўняцца