Ілля Туркоў у залі суда. Фота: spring96.org 17 снежня ў судзе Прешамайскага раёна г. Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Іллі Туркова. Яго вінавацяць паводле арт. 342 і 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі, якія адбываліся каля ст. м. Плошча Перамогі 14 ліпеня. 

Справу разглядае Таццяна Ліннік. Пацярпелым выступае супрацоўнік АМАПу Ігар Астапук

Сёння ў працэсе быў дапытаны Ілля Туркоў. Мужчына быў затрыманы 27 ліпеня дома і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Сваёй віны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх падсудны не прызнаў. А вось па арт. 364 Крымінальнага кодэкса – “Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” – прызнаў.

Суд апытаў і пацярпелага. Пасля перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Паводле іх, Ігар Астапук атрымаў драпіны рук, траўму каленнага сустава, а кошт лячэння склаў 2580 рублёў 30 капеек. Таксама супрацоўнік АМАП запрасіў кампенсацыю маральнай шкоды - 1000 рублёў. 

У судзе аб'яўлены перапынак. Разгляд справы працягнецца ў 10.00 23 снежня. 

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс. Інфармацыя будзе ўдакладняцца.

Крыніца: Суд пачаў разгляд крымінальнай справы Іллі Туркова па падзеях 14 ліпеня