Фота: "Радыё Свабода" Суд Хойніцкага раёну 16 снежня прысудзіў адзін год у калоніі агульнага рэжыму інваліду 2-й групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем Аляксею Раманаву за «абразу прэзыдэнта» (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу), паведамляе "Радыё Свабода".

Прысуд яшчэ не набыў сілу і можа быць абскарджаны. Аляксея Раманава ўзялі пад варту ў залі суду.

Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня мужчына нэгатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу.

У крымінальнай справе зазначана, што Аляксей Раманаў, «маючы намер публічна абразіць прэзыдэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспэртызай, змяшчаюць нэгатыўную ацэнку прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі».

Аляксей прызнаў сябе вінаватым у тым, што абразіў чалавека Лукашэнку, але не прэзыдэнта.

«Прэзыдэнта я не абражаў. Бо я не лічу Лукашэнку прэзыдэнтам, ён нелегітымны», — патлумачыў Свабодзе актывіст.

Паседжанне на патрабаванне пракурора Андрэя Судома праходзіла ў закрытым рэжыме. Пракурор запатрабаваў пакараць Аляксея калоніяй на адзін год. Адвакатка Рагнеда Тагай выказалася, што яе падабароннага варта пакараць штрафам.

Крыніца: Жыхара Гомеля з анкалогіяй пакаралі годам турмы за абразу Лукашэнкі