Сяргей Рымша У судзе Ленінскага раёна Гародні 10 снежня працягнуўся разгляд крымінальнай справы Сяргея Рымшы.

Яго абвінавачваюць адразу па 2 артыкулах Крымінальнага кодэксу: 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч. Пракурор - Мікіта Мыслівец.

За судовым працэсам сочыць праваабаронца Раман Юргель.

З судовых матэрыялаў вядома, што Сяргей Рымша быў на Савецкай плошчы Гародні 9 жніўня ў 23.15, калі ў таніраваны мікрааўтобус з сілавікамі паляцеў камень. Неўзабаве Сяргея затрымалі, збілі, завезлі ў Ленінскі РАУС, і паведамілі, што на яго заведзеная крымінальная справа.

У якасці пацярпелых выступаюць шэсць супрацоўнікаў міліцыі: Чарняўскі, Баярчук, Сталяр, Багушэвіч, Сацура і Літвін.

На чарговым, пятым па ліку, судовым пасяджэнні суд дапытаў апошняга пацярпелага супрацоўніка міліцыі Сацуру, які да гэтага часу не мог прысутнічаць на судзе з-за хваробы.

Допыт пацярпелага Іллі Сацура. Пракурор задае пытанні па інцыдэнце вечара 9 жніўня.

“Людзі выказвалі незадаволенасць, абражалі міліцыю, аўтамабіль міліцыі знаходзіўся каля помніка танка, каля пл. Савецкай. Чуў, седзячы ў аўто 3 глухія ўдары камянямі па бусу. Не бачыў, хто кідаў камяні. Бачылі чалавека, які ўцякаў, пагналіся, не дагналі. Запомніў чалавека ў спартыўных штанах і цёмнай майцы, з заплечнікам. Не памятаю ці я яго затрымліваў, але ў ператрусе асабістых рэчаў удзельнічаў. У заплечніку знаходзіўся, ці то камень, ці то кавалак пліткі. Я сам заплечнік не аглядаў і не даставаў нічога, моманту калі калегі даставалі нешта - не бачыў," - тлумачыць пацярпелы.

Адвакат запытваецца, хто быў у патрулі?

Сацура адказвае, што супрацоўнікі АМАПу. Апытанні праводзіліся ў Ленінскім РАУСе. Фізічная сіла да Рымшы ўжывалася, але я не бачыў, спецсродкі не ўжываліся. Рымша сядзеў на падлозе аўто пры дастаўцы ў РАУС. Амапаўцы сядзяць спераду, апісалі яго да затрымання, як лысаватага, у чорнай майцы. Пры аглядзе заплечніка ў РАУС не памятаю, хто яшчэ знаходзіўся ў кабінеце.

Суддзя пытаецца, ці аглядалі заплечнік Рымшы пры пасадцы ў аўтамабіль?

Сацура не памятае. Камень з заплечніка ўбачыў ужо ў РАУС.

Суддзя зачытвае паказанні Сацуры, дадзеныя пад час следства. Увагнутасці на аўто выявілі ўжо ў РАУС. Адвакат звяртае ўвагу на супярэчнасці ў паказаннях: раней казаў, што затрымліваў, цяпер у судзе, што не. Прыкметы чалавека падобнага на Рымшу давалі амапаўцы. Усе ўдзельнікі працэсу праглядаюць відэазапісы відэарэгістратара аўтамабіля, вонкавай і ўнутранай камеры.

Далей у судзе адбываецца даследаванне рэчавых доказаў, заплечніка, камянёў. Суддзя запатрабаваў прынесці ўсё ў залу. Даставілі скрынку.

Аглядаецца фрагмент бетону памерам з шайбу, яшчэ адзін фрагмент бетону большага памеру, чорны заплечнік, чорную майку з надпісам "Жыве Беларусь!".

Сяргей Рымша пацвердзіў, што ўсе рэчы яго, а камяні -  не, іх не было з сабой у заплечніку ў той вечар.

Адвакат хадайнічае далучыць да матэрыялаў справы пастанову суда Ленінскага раёна ад 9 кастрычніка па арт 23.34 КаАП РБ пра штраф у памеры 20 б.в. У пастанове павінны быць паказанні міліцыянтаў і ацэнка судом паказанняў тых жа пацярпелых, якія праходзяць і ў крымінальным працэсе - Баярчука і Чарняўскага. Пракурор супраць таму суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва.

Далей адвакат хадайнічае аб выкліку ў суд сёння сведкі з боку Рымшы, які ўвечары 9 жніўня знаходзіўся каля танка. Пракурор не пярэчыць і суддзя задаволіў хадайніцтва.

Справа Сяргея Рымшы: допыт пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі

25 лістапада ў судзе па справе Сяргея Рымшы працягнуўся допыт пацярпелых Багушэвіча, Літвіна і Сацуры, апошні захварэў. Судовае разбіральніцтва працягнулі без яго.

Крыніца: Справа Сяргея Рымшы: cуд разбіраецца з кавалкамі бетону ў заплечніку абвінавачанага Дапоўнена