8 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні пачаўся разгляд крымінальнай справы Мікіты Самарына. Яго вінавацяць у парушэнні 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Разгляд справы вядзе суддзя Руслан Хіхол.
Сёння на працэсе пачалося апытанне сведак, а таксама пацярпелага міліцыянта Сяргея Даліды.
Былі апытаныя сведкі Павел Ціханаў і Аляксей Сініца. Характэрна, што яны сядзелі за шырмай, схаваныя ад удзельнікаў працэсу і прысутных на судзе.
Мікіту Самарына затрымалі супрацоўнікі органаў 6 кастрычніка. Яго жорстка збівалі і здзекваліся, пры катаваннях хлопцу нажом адрэзалі доўгія валасы, а таксама пырскалі ў вочы газавым балончыкам. Пазней яго забрала хуткая - у Самарына былі шматлікія траўмы і апёкі вачэй. Мікіта Самарын быў узяты пад варту і зняволены ў следчым ізалятары на вуліцы Кірава.
15 кастрычніка МУС апублікаваў відэа: на ім Самарын расказвае, як адбіваў чалавека ў людзей у цывільным непадалёк будынку Кастрычніцкага РАУС Гародні. Самарын пырснуў пярцовым балончыкам у бок тых, хто гвалтоўна затрымліваў людзей, пазней ён хаваўся.
Мікіту Самарыну 29 гадоў. Працяглы час ён займаўся рамонтам старых аўтамабіляў, сябра клуба рэканструктараў рэтрааўтамабіляў "Вінтаж". Не раз удзельнічаў у фотасэсіях (фота якраз такога характару) і гарадскіх фэстах.
Наступнае паседжанне суда адбудзецца заўтра, 9 снежня а 15-й гадзіне.
Крыніца: Гародня: Пачаўся разгляд крымінальнай справы аўтарэстаўратара Мікіты Самарына