Пікет у абарону свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў нацыянал-бальшавікам правесці не дазволілі. Пра гэта стала вядома з паведамлення прэс-службы аргкамітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі ў Беларусі. Мерапрыемства планавалася правесці 29 кастрычніка на плошчы Свабоды ў Мінску з мэтай паказаць, што тыя змены ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", якія рыхтуюцца, ніяк не зменяць сітуацыю, бо у ім застанецца дазвольны прынцып атрымання згоды на правядзення мерапрыемства, толькі зараз пад шыльдай паведамляльнага. За шэсць дзён да правядзення пікету Мінгарвыканкам даў адказ арганізатарам, дзе засведчыў, што заява аб правядзенні пікету не адпавядае патрабаванням арт. 9 Закона, які рэгулюе месца і час правядзення масавага мерапрыемства.
«У той жа час на плошчы Свабоды рэгулярна праводзяцца масавыя мерапрыемствы: дні нацыянальных культур, музычныя вечары. Мабыць, Мінгарвыканкам як і раней праводзіць палітыку двайных стандартаў у дачыненні да масавых мерапрыемстваў, адасабляючы "добрыя" мерапрыемствы ад "дрэнных", на якіх могуць прагучаць нязручныя выказванні.
Гэта праблема не толькі Мінгарвыканкама, але і ўсёй беларускай улады, якая страціла зваротную сувязь з народам, баіцца крытычных выказванняў у свой адрас», - гаворыцца ў заяве аргкамітэта НБП.
Заяўнікі пікету звяртаюць увагу на тое, што сваёй адмовай Мінгарвыканкам парушае палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а ўслед за гэтым і прынятыя міжнародныя абавязацельствы, у прыватнасці палажэнні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія гарантуюць свабоду выказвання меркавання і свабоду мірных сходаў.
«Гісторыя ўзаемаадносін беларускіх нацболаў з Мінгарвыканкамам, і некаторымі іншымі мясцовымі выканаўчымі камітэтамі, вельмі даўняя. За гэты час былі выпадкі і ціск на актывістаў па месцы працы, з патрабаваннем адклікаць заяўку на пікет па нязручнай тэме, і абсурдныя прычыны адмоваў (адной з такіх прычын была заява Мінгарвыканкама пра тое, што пікет размешчаны ўздоўж праезнай часткі будзе адцягваць увагу вадзіцеляў ад дарогі, у той час як мноства рэкламных шчытоў так не расцэньваюцца), і немалая колькасць судоў. Але ў гэтай гісторыі заўсёды прасочвалася жаданне аднаго боку публічна выказаць сваё меркаванне па набалелых у грамадстве пытаннях, а другога боку - усяляк перашкаджаць выказванню гэтага меркавання», - падкрэсліваюць заяўнікі пікету.
Крыніца: Нацболам забаранілі правесці пікет у абарону свабоды мірных сходаў