Жыхару горада Баранавічы Яўгену Жураўскаму суд прызначыў штраф памерам 230 рублёў (10 базавых велічынь), грамадзяніну РФ Аляксею Сутуге - 575 рублёў (25 базавых велічынь), паведамляе intex-press. Суд вынес рашэнне ў аўторак, 24 кастрычніка. Яўгена Жураўскага абвінавачвалі ў захоўванні інфармацыйная прадукцыі, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць, з мэтай распаўсюджвання (ч. 1 арт. 17:11 КаАП РБ), Аляксея Сутугу - у перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае прыкметы праяў экстрэмізма (ч. 1 арт. 17:11 КаАП РБ), а таксама ў перавозцы з мэтай распаўсюджвання друкаванай інфармацыйнай прадукцыі, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць, якая была ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 17:11 КаАП РБ).
У Баранавічах 27 жніўня міліцыянты ўварваліся на лекцыю расійскага анархіста і былога палітвязня Аляксея Сутуги, на якой ён распавядаў, як палітзняволеных утрымліваюць у расійскіх турмах. Лекцыя праходзіла ў офісе, які арандуе культурна-асветніцкая ўстанова «Крытычнае мысленне».
Тых, хто прыйшоў на лекцыю, у тым ліку і непаўналетніх, міліцыянты павезлі ў Баранавіцкі ГАУС. У Сутуги тады канфіскавалі брашуру «Псіхалогія допыту», часопіс «Аўтаном №37» і брашуру «Разведчыкі, інфарматары і стукачы», якая знаходзіцца ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў са студзеня 2017 года. Таксама з офіса «Крытычнага мыслення» канфіскавалі літаратуру, прынтэр і іншыя рэчы.
Яўген Жураўскі, адзін з арандатараў офіса, затрыманы не быў, у той дзень яго не было ў горадзе.
12 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы вынес рашэнне аб прызнанні канфіскаваных 27 жніўня матэрыялаў экстрэмісцкімі. Суд засноўваў сваё рашэнне на думцы Брэсцкай абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на наяўнасць (адсутнасць) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму. 18 верасня камісія ўстанавіла, што канфіскаваная кніга «Зыход. Падлеткавая проза », якая была ў офісе і належыць Яўгену Жураўскаму, а таксама брашура «Псіхалогія допыту» і часопіс «Аўтаном №37» змяшчаюць прыкметы праявы экстрэмізму.
Яўген Жураўскі распавёў, што, на думку экспертнай камісіі, у матэрыялах ёсць сцэны гвалту і агрэсіі, прыкметы «біясацыяльнага фаталізму», распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, а таксама нецэнзурная лексіка.
Позву ў суд для разгляду адміністрацыйнай справы аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, па словах Жураўскага, ён атрымаў у судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 11 кастрычніка, то бок, за дзень да прызнання судом матэрыялаў экстрэмісцкімі.
Расіяніна Аляксея Сутугу на пасяджэннях суда аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў не было, паколькі ён пражывае ў Расіі. Яго ў судзе прадстаўляла адвакатка.
Яўген Жураўскі ў пачатку пасяджэння 24 кастрычніка заявіў суддзі адвод, аднак тая яго не задаволіла, палічыўшы беспадстаўным.
24 кастрычніка ў судзе дапыталі затрыманых 27 жніўня. Усе яны сказалі, што на лекцыі проста размаўлялі - ім не прапаноўвалі чытаць літаратуру, глядзець фільмы і г.д. Пра кнігу «Зыход. Падлеткавая проза», якая належыць Яўгену Жураўскаму, ніхто з дапытаных, па іх словах, таксама не чуў.
У судзе Яўген Жураўскі заявіў, што ўсе яго кнігі, якія былі 27 жніўня ў офісе, у тым ліку і кнігу «Зыход», ён звяраў з рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ні адна з кніг у спіс забароненых не была ўключаная, а значыць, на момант канфіскацыі не з'яўлялася экстрэмісцкай літаратурай. Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ёсць у адкрытым доступе на сайце Міністэрства інфармацыі.
На думку адваката Яўгена Жураўскі, яе падабаронны распачаў усе магчымыя меры, каб у офісе былі кнігі, якія не ўтрымліваюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці.
Адвакатка звярнула ўвагу на тое, што разгляд справы па абвінавачванні яе падабароннага ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў пачаўся яшчэ да ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб прызнанні матэрыялаў такімі.
"Акрамя таго, мой падабаронны абскардзіў рашэнне суда аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі ад 12 кастрычніка, значыць, рашэнне суда не ўступіла ў законную сілу. А суд аб іх распаўсюдзе пачаўся 19 кастрычніка", - сказала адвакатка.
На яе думку, у дзеяннях яе падабароннага адсутнічаў склад злачынства, а таксама не было намеру на распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Зыходзячы з гэтага, адвакатка прасіла суд спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні да Яўгена Жураўскага.
Адвакатка Аляксея Сутугі палічыла, што віна яе падабароннага даказаная судом не ў поўнай меры, і таксама папрасіла суд спыніць справу ў дачыненні да Сутугі.
"Не даказана, што матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі, належалі менавіта Аляксею. Таксама рашэнне аб прызнанні гэтых матэрыялаў экстрэмісцкімі яшчэ не ўступіла ў законную сілу. А значыць, прыцягваць майго падабароннага да адказнасці - неправамерна", - лічыць адвакатка.
Сваю віну Яўген Жураўскі не прызнаў і паведаміў, што будзе абскарджваць рашэнне суда. Ці будзе абскарджваць рашэнне суда Аляксей Сутуга, яго адвакатка не ведае.
Рашэнне суда ў законную сілу не ўступіла.
Крыніца: У Баранавічах за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў асудзілі анархістаў