Момант перакрыцця вуліцы Вялікі Гасцінец. Фота з суполкі «Молодечно LIVE». Двух маладзечанцаў днямі затрымалі пасля перакрыцця Вялікага Гасцінца. Іх абвінавачваюць па крымінальным артыкуле за арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне работы транспарту (арт. 342 КК РБ).

21 лістапада на скрыжаванні Вялікага Гасцінца і Багдана Хмяльніцкага людзі перакрылі рух, у іх у руках была расцяжка з надпісам «Пока в стране беззаконие, сопротивление — наш долг». Маладзечанскі аддзел СК узбудзіў крымінальную справу.

Па інфармацыі следства праезную частку дарогі перакрылі на некалькі хвілін каля 10-00.

Крымінальную справу распачалі па ч.1 арт.342 — Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне работы транспарту. Па гэтай частцы прадугледжана пакаранне — штраф, арышт, абмежаванне волі ці пазбаўленне волі на тэрмін да трох год.

Следчы камітэт паведаміў, што праз некалькі дзён затрымалі двух падазраваных 28 і 34 год. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, шукаюць іншых удзельнікаў акцыі.

Па інфармацыі «Рэгіянальнай газеты» гэтымі затрыманымі мужчынамі з’яўляюцца маладзечанцы Дзмітры Карабейнік і Рыгор Саладоўнікаў.

Крыніца: Маладэчна: Завялі крымінальную справу за пікет на вуліцы Вялікі Гасцінец