Актывіста Рамана Мішчанку, які публічна заявіў аб правядзенні пратэстнай акцыі 1 траўня, пасля затрымання дзень пратрымалі ў Ленінскім РАУС, парэкамендаваўшы ўстрымацца ад любых мітынгаў.
Мішчанка быў затрыманы 27 красавіка на чыгуначным вакзале Магілёва і дастаўлены ў Ленінскі РАУС «для прафілактычнай гутаркі», піша праваабарончы сайт mspring.online.
– Хацеў з’ехаць у Мінск па сваіх справах. Прама на вакзале мяне «прынялі», адвезлі ў райаддзел. Там міліцыянт пачаў са мной размаўляць. Пытаўся, чым займаюся, каго ведаю. Пытаўся, навошта праводзіць мітынгі ў такі складаны час. Рэкамендаваў ўстрымацца ад іх, папярэдзіў аб адказнасці за несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Я на ўсе заяўляў, што не збіраюся размаўляць без адваката. Так пратрымалі да вечара, пасля чаго адвезлі дадому, – распавёў Раман Мішчанка.
Паводле яго слоў, 28 красавіка каля ягонага дома цэлы дзень дзяжурыў аўтамабіль з праваахоўнікамі ў цывільным.
– Блакавалі, каб нікуды не сышоў, думаю, – сказаў актывіст.
Нягледзячы на прэсінг, ён усё роўна плануе ўдзельнічаць у акцыі пратэсту 1 траўня.
Раней актывістам Аляксандру Царуку і Раману Мішчанка магілёўскія ўлады адмовілі ў правядзенні мітынгу 1 траўня, які быў заяўлены на плошчы Леніна ў 10:00. Намеснік старшыні магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка, як і шмат разоў да гэтага, спаслалася на тое, што масавыя мерапрыемствы ў горадзе дазволена праводзіць толькі на вуліцы Чалюскінцаў у раёне былога стадыёна «Тарпеда».
Крыніца: У Магілёве заяўніка акцыі пратэсту цэлы дзень пратрымалі ў міліцыі