Вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхара Бабруйска Ягора Храмені, якога вінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам міліцыі (арт. 364 КК).
13 лістапада суддзя раённага суда Антон Дудаль прызнаў Храменю вінаватым і абвесціў прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з выплатай маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў.
Пацярпелы, супрацоўнік міліцыі Дзміртый Сакун на папярэднім судовым пасяджэнні патрабаваў кампенсацыю ў памеры 5 тысяч рублёў.
Маладога бабруйчаніна абвінавачвалі ў тым, што ўвечары 9 жніўня ён "здзейсніў гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкодзіць яго законнай дзейнасці". Гаворка ідзе пра ўдары ў галаву і распыленне пярцовага балончыка «Шок», якое прывяло да апёку сятчаткі вока.
"Гэтыя дзеянні Храмені кваліфікуюцца артыкулам 364 КК РБ" – паведамляла пракурор Ірына Хадневіч.
Абвінавачанаму Ягору Храменю 22 гады, раней судзімы не быў, да заключэння пад варту працаваў на ААТ "Белшына" электрагазазваршчыкам, займаўся спортам. У матэрыялах справы ёсць некалькі хадайніцтваў з месца працы маладога бабруйчаніна, ад кіраўніка спартыўнай секцыі, і нават ад суседзяў па хаце. Усе яны характарызуюць хлопца як спакойнага, сумленнага, справядлівага.
Бабруйчаніна судзяць за гвалт у дачыненні да міліцыянта. Пазоўнік патрабуе кампенсацыю ў 5 тысяч рублёў
Крыніца: Бабруйск: Два гады пазбаўлення волі за гвалт над супрацоўнікам міліцыі