13 лістапада працягваецца пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Раніцай 13 лістапада дадому да праваабаронцы "Вясны" Тамары Шчапёткінай у Бярозе прыйшлі з вобшукам. Абставіны высвятляюцца. Нядаўна ў адносінах да Тамары Шчапёткінай была спыненая крымінальная справа па арт. 188 (Паклёп) і 189 (Знявага) Крымінальнага кодэксу: за адсутнасцю складу злачынства, паколькі не былі названыя прозвішчы і імёны тых, хто прыняў на свой кошт "знявагу і паклёп".

Як паведамляе журналістка Марына Коктыш, у рэдакцыю «Народнай Волі» прыйшлі невядомыя людзі без дакументаў. Яны не прадстаўляюцца. Хочуць канфіскаваць увесь сённяшні тыраж. Кажуць, што едзе АМАП. Кіроўцу, які прывёз газеты, затрымалі. Таксама затрыманыя два валанцёры.

У Магілёве быў затрыманы на працоўным месцы Ігар Клінцоў. Людзі ў цывільным даставілі яго ў Следчы камітэт. Яны не прадставіліся, толькі сказалі, што праз гадзіну ён вернецца назад з позвай. Прайшло ўжо 2,5 гадзіны – інфармацыі пра Клінцова дагэтуль няма. Дзяўчына Ігара спрабавала дамагчыся інфармацыі ў СК, аднак там ёй, з яе словаў, паведамілі, што такога ў іх няма.

 Інфармацыя дапаўняецца.

Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

У сувязі з маштабнымі затрыманнямі ў Мінску ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаецца шмат людзей, каб даведацца пра лёс родных і блізкіх.

Крыніца: Хроніка пераследу ў пятніцу 13 лістапада