“Адукацыя ў сферы правоў чалавека: становішча, тэндэнцыі, выклікі” – дыскусія з такой назвай адбылася ў межах IV Беларускага праваабарончага форума, які зараз праходзіць у Вільні. Падчас мерапрыемства каардынатары беларускіх асветніцкіх праграм у галіне правоў чалавека абмяркоўвалі эфекты, якія маюць такія праграмы, праблемы і выклікі, з якімі часцей за ўсё прыходзіцца сутыкацца арганізатарам.
Старэйшы трэнер Міжнароднай школы правоў чалавека і грамадскіх дзеянняў Міхаіл Мацкевіч адзначыў, што гаворачы пра праваабарончую адукацыю ў Беларусі, заўсёды трэба памятаць пра дзве негатыўныя першапачатковыя ўмовы, ад якіх наўрад ці будзе магчымым пазбавіцца ў бліжэйшы час. Гэта агульнае неразуменне грамадствам таго, што такое правы чалавека і чым займаюцца праваабаронцы, і абмежаваныя рэсурсы саміх арганізацый, якія займаюцца адукацыяй у галіне правоў чалавека.
“Улічваючы ўсё гэтыя негатыўныя ўмовы, адукацыйныя праграмы ў нашых рэаліях трэба будаваць у прамой сувязі з тым, што па іх выніках павінны далей рабіць іх выпускнікі. На маю думку, рэальны эфект ад асветніцкіх мерапрыемстваў будзе дасягацца тады, калі пасля іх навучэнцы будуць непасрэдна ўключацца ў праваабарончыя актыўнасці. Добры прыклад такога ўключэння ў нашай краіне– гэта вялікая колькасць назіральнікаў за масавымі мерапрыемствамі”.
Праваабаронца адзначыў, што дзеля таго, каб заставацца цікавымі і запатрабаванымі, неабходна пастаянна шукаць і нават самім ствараць новыя фарматы ўзаемадзеяння з мэтавай аўдыторыяй.
“Мы павінны навучыцца ўважліва сачыць за інфармацыйным полем, агулам за сітуацыяй у грамадстве і аператыўна рэагаваць на рэзанансныя выпадкі. Толькі трымаючы руку на пульсе мы зможам пашыраць нашую аўдыторыю”.
Эксперт таксама прапанаваў размяжоўваць кароткатэрміновыя асветніцкія дзеянні, якія накіраваныя на шырокае кола грамадзян і павінны ставіць на мэце павышэнне агульнай культуры, і доўгатэрміновую адукацыю ў галіне правоў чалавека як глыбокія, компексныя мерапрыемствы для людзей, якія займаюцца ці плануюць сур’ёзна займацца праваабаронай.
Праваабаронца Сяргей Усцінаў, каардынатар праграм прэвентыўнай абароны “Грамадзянін і следства” і “Грамадзянін і правапарадак”, у сваю чаргу, адзначыў складанасць атрымання фінансавання на адукацыйныя праграмы. Бо шмат донараў патрабуюць наглядных вынікаў праектаў тут і зараз, што, улічваючы мэты адукацыйных праграм і іх спецыфіку, амаль немагчыма.
Кіраўніца Lawtrend Вольга Смалянка ў сваім выступе адзначыла пра вялікае кола выклікаў, з якімі сутыкаюцца арганізатары навучальных праграм. Сярод іх яна асобна выдзеліла неразуменне матывацыі навучэнцаў і несупадзенне мэтаў арганізатараў і ўдзельнікаў адукацыйных праграм. Па словах Вольгі Смалянка, вельмі часта каардынатары хочуць, каб выпускнікі іх праграм неяк звязвалі сваю дзейнесць з правабаронай, у той момант як выпускнікі не збіраюцца заставацца ў праваабарончым сектары.
Праваабаронца “Вясны”, трэнер Летняй школы па правах чалавека ў Вільні Андрэй Палуда адзначыў, што не трэба забывацца на тое, што ў розных адукацыйных і асветніцкіх праграм розныя мэты, і таму незаўсёды дрэнна, калі выпускнікі некаторых з іх не застаюцца ў праваабароне.
“Так, гэта вельмі важна, калі выпускнікі нашых асветнічкіх праграм пачынаюць займацца праваабарончай дзейнасцю. Але не менш важна, калі людзі, якія прайшлі праваабарончыя курсы, затым вяртаюцца ў свае, напрыклад, камерцыйныя арганізацыі і ўжо там на сваім узроўні прымаюць рашэнні праз прызму правоў чалавека”.
Андрэй Палуда нагадаў, што акрамя нефармальнай адукацыі, пра якую ўвесь час ішла гаворка, існуе яшчэ фармальная. І, як бы не было складана працаваць з дзяржаўнымі струтурамі, на яе таксама не трэба забывацца.
“Так, вельмі складана супрацоўнічаць з Міністэрствам адукацыі, з універсітэтамі. Мы спрабавалі некалькі разоў правесці ва ўніверсітэтах мерапрыемствы на тэму смяротнага пакарання. Але заўсёды ў нас патрабавалі нейкія дамовы з дзяржаўнымі органамі, якіх, зразумела, у нас не было. А самі адміністрацыі баяцца самастойна прымаць рашэнні. Гэта складана, аднак некаторыя рэчы ў гэтым накірунку рабіць можна. Як прыклад, зусім нядаўна Праваабарончы цэнтр “Вясна” падрыхтаваў адмысловыя практычныя дапаможнікі “Як навучаць правам чалавека” і “Правы дзіцяці ў навучальным працэсе”.
Рэзюмаваў дыскусію кіраўнік Адукацыйнага дома па правах чалавека ў Чарнігаве Сяргей Бураў. Эксперт адзначыў, што сітуацыя ў галіне праваабарончай адукацыі ў Беларусі неўнікальная, бо праблемныя кропкі ў розных краінах шмат у чым падобныя. Сяргей Бураў правёў паралель з Украінай, дзе таксама ў грамадстве існуе скрыўленае разуменне правоў чалавека, што паходзіць яшчэ з савецкіх часоў.
“Такі падманны падыход да правоў чалавека шмат гадоў актыўна трансляваўся праз падручнікі, навучальныя ўстановы. У людзей няма разумення, што правы чалавека з’яўляюцца пры нараджэнні. Людзі думаюць, што яны дараваны дзяржавай і неаддзельны ад абавязкаў. І каб змяніць сітуацыю, патрэбна вялікая асветніцкая праца, якая звычайна не патрабуе вялікіх сродкаў”.
У завяршэнні Сяргей Бураў адзначыў, што многіх праблем у галіне праваабарончай адукацыі можна пазбегнуць, калі самі стваральнікі адукацыйных праграм будуць дакладна ўяўляць, якімі павінны быць вынікі іх дзейнасці.