Старшыня праўлення Беларускага Хельсінскскага камітэту Алег Гулак, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская і старшыня праўлення Lawtrend Алена Танкачова падвялі вынікі першага дня паралельных мерапрыемстваў IV Беларускага праваабарончага форуму, які адбываецца 20 і 21 кастрычніка ў Вільні. Мадэратарам выступіла прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага Таццяна Рэвяка. Алена Танкачова распавяла, што на абмеркаванне тэмы “Адукацыя ў сферы правоў чалавека: становішча, тэндэнцыі, выклікі” былі запрошаныя ў якасці дакладчыкаў прадстаўнікі арганізацый, якія на сёняшні дзень актыўна праводзяць адукацыйныя і асветніцкія праграмы. Гэта Андрэй Палуда з ПЦ "Вясна", дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка, Алег Агееў з Беларускага дома правоў чалавека, Сяргей Усцінаў з "Прававой ініцыятывы", прадстаўнік Міжнароднай школы правоў чалавека і грамадскіх дзеянняў Міхаіл Мацкевіч і Сяргей Бураў з Адукацыйнага дома правоў чалавека Чарнігава.
У ходзе абмеркавання ўдзельнікі мерапрыемства фіксавалі праблемы, якія паўстаюць перад імі ў галіне асветы, у прыватнасці пытанні дасягу да асобных мэтавых групаў.
“Мы казалі пра тое, што практычна прадстаўнікі дзяржаўных органаў знаходзяцца за тымі мэтавымі групамі, з якімі ў нас ёсць магчымасць сістэмна і планамерна працаваць. Была выказана прапанова адносна таго, што пры пераглядзе нашых праграм мы павінны ўлічваць гэтую акалічнасць і магчыма выкарыстоўваць тыя каналы камунікацыі, якія дазваляюць дыстанцыйны ўдзел у падобнага кшталту мерапрыемствах, што на думку ўдзельнікаў дыскусіі дазволіла б далучаць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, у тым ліку суддзяў, адвакатаў і студэнтаў, у нашы адукацыйныя мерапрыемствы”, - адзначыла Алена Танкачова.
Яна асобна падкрэсліла, што праваабаронцы не заўсёды задаволеныя тым, якім чынам удзельнікі адукацыйных мерапрыемстваў у сферы правоў чалавека надалей выкарыстоўваюць веды і ўменні, якія атрымалі падчас навучання.
“Мы казалі пра тое, што магчыма было б лепш, калі б большая колькасць людзей, якія праходзяць навучанне, у наступным былі б ўдзельнікамі праваабарончай дзейнасці. У сваю чаргу ў ходзе дыскусіі была выказана крытыка адносна таго, што не заўсёды праваабарончы сектар адкрыты да таго, каб пасля адукацыйных мерапрыемстваў выступаць пляцоўкай для самарэалізацыі тых людзей, якія праходзяць працэсы навучання.
Мы таксама былі досыць крытычныя ў адносінах да сябе ў тым сэнсе, што ўсведамляем неабходнасць пошуку новых метадаў для адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці”, - зацвердзіла кіраўніца Lawtrend.
На прыканцы дыскусіі міжнародны эксперт Сяргей Бураў запэўніў, што тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы-асветнікі ўласцівыя не толькі беларускай супольнасці, але сістэмна сустракаюцца і ў іншых рэгіёнах.
У сваю чаргу Раіса Міхайлоўская распавяла, што на паралельным мерапрыемстве “Права ўстанаўлення ісціны. Савецкія рэпрэсіі як аснова сённяшніх парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі” шла гаворка пра індывідуальнае права і права народа ведаць праўду пра сваё мінулае, пра праблемы, якія ўзнікаюць у грамадзян, якія шукаюць інфармацыю пра сваіх рэпрэсаваных родных і сутыкаюцца з вялікімі складанасцямі. У паседжанні прымалі ўдзел міжнародныя эксперты – дырэктар архіва службы бяспекі Украіны Андрэй Когут і загадчыца аддзелам дакументаў НКВД з Асобага архіва Літвы Вільма Эктыце, а таксама беларускі гісторык і рэдактар сайту БДЦ Зміцер Дрозд.
“Мы ўсе, можна сказаць, аднагалосна вырашылі, што тэма савецкіх рэпрэсій, тэма вялікага тэрору - сапраўды праваабарончая тэма. Нават нягледзячы на тое, што прайшла рэабілітацыя і дзяржава часткова прызнала сваю віну, мы не бачым у грамадстве цяпер поўнага ачышчэння, адмежавання ад тых страшных падзей. Мы абмеркавалі адказы дзяржаўных органаў - Савету міністрам, Адміністрацыі прэзідэнта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, міністра МУС - на нашу петыцыю, на нашыя запыты, і абураныя іх трактоўкай нашага права на прадастаўленне інфармацыі.
Мы звязваем савецкія і цяперашнія рэпрэсіі дзяржавы супраць свайго народа і лічым, што адно без пакарання зло спараджае іншае. І прыйшлі да высновы, што так, гэта наша гісторыя, але нашыя загінулыя продкі патрабуюць чалавечай памяці, аднаўлення іх правоў, ўстанаўлення месцаў пахавання і дзеля ўшанавання іх памяці”, - падкрэсліла Раіса Міхайлоўская.
Яна распавяла, што беларусаў запрашаюць наведваць архівы Украіны і Літвы, якія, у адрозненні ад беларускіх, адкрытыя для любога наведвальніка, і трэба карыстацца такой магчымасцю:
“Мы вырашылі, што будзем працягваць сваю дзейнасці ў гэтым напрамку і змагацца за наша права ўстанаўлення ісціны ў сваёй краіне”.
Наступны выступоўца Алег Гулак распавёў, што для яго была нечаканай падвышаная ўвага да тэмы “Падыход, заснаваны на правах чалавека – пашырэнне сярод праваабаронцаў і партнёраў”, бо яна дастаткова новая і не вельмі звыклая для праваабарончай супольнасці. На панэлі была прэзентаваная сутнасць і логіка гэтага падыходу і тое, якім чынам праваабаронцы могуць у сваёй дзейнасці гэта выкарыстоўваць.
“Перш за ўсё выкарыстоўваць як інструмент прасоўвання ідэй правоў чалавека, інструмент, які дазваляе ўмацоўваць стасункі з іншымі сектарамі грамадзянскай супольнасці, іншымі арганізацыямі.
У нас адбылася цікавая вострая і жывая дыскусія. Не на ўсе пытанні мы знайшлі адказы, але ў любым выпадку гэты было патрэбна з пункту гледжання развіцця гэтага падыходу і развіцця актыўнасці праваабаронцаў у працы з гэтым падыходам”, - падкрэсліў Алег Гулак.
Праваабаронца адзначыў, што пакуль цяжка казаць пра вынікі гэтага абмеркавання, хутчэй трэба казаць, што гэта толькі пачатак абмеркавання, якое працягнецца і надалей. Бо дадзеная тэма можа падвышаць ролю праваабаронцаў, поле для прыкладання іх намаганняў, і такім чынам пашырэння праваабарончага ўплыву і распаўсюду ідэяў правоў чалавека.
Нагадаем, 20 кастрычніка ў Вільні распачаўся IV Беларускі праваабарончы форум. Прадстаўнікі 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, НДА, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончы кампанент, праваабаронцы, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасці, эксперты, замежныя і міжнародныя партнёры сабраліся, каб абмеркаваць актуальны парадак дня і вызначыць прыярытэты для далейшай працы і развіцця праваабарончага сектару краіны.
Крыніца: "Адно без пакарання зло спараджае іншае". Вынікі першага дня паралельных мерапрыемстваў