Сястра палітвязня Вячаслава Рагашчука паведаміла "Вясне", што яго стан здароўя ў баранавіцкім СІЗА пагаршаецца. У апошнім лісце ён напісаў, што, акрамя шуму і звону ў галаве, цяпер у яго яшчэ "па раніцах вочы жаўтаватыя і ў роце кіслым аддае", а таксама пачаў балець бок жывата. Гэта можа сведчыць аб няправільным функцыянаванні ўнутраных органаў. Вячаслаў і ягоныя родныя дамагаюцца, каб яго накіравалі на поўнае абследаванне для належнага лячэння ў адпаведнасці з дыягназам. Палітвязень Вячаслаў Рагашчук

Нагадаем, пасля збіцця ў Пінскім ГАУС на працягу трох дзён пасля затрымання 10 жніўня палітвязень дагэтуль скардзіцца на болі, шум і звон у галаве. Лекар у СІЗА сказала яму, што гэта можа быць "кровазліццё, страсенне мозгу або траўма галавы". Родныя Вячаслава настойваюць, што яму неабходна паўнавартаснае абследаванне. Стан яго здароўя робіцца ўсё горш.

list_slava.jpg
Ліст палітвязня Вячаслава Рагашчука, які сястра атрымала 2 лістапада

Вячаслаў піша ў СІЗА заявы на абследаванні. У адным з лістоў ён таксама напісаў, што "перажывае за вуха і слых".

"Мы просім, каб яго адправілі на абследаванне — нешта ж у яго ў арганізме адбываецца. Мы вельмі перажываем! Нельга ж так рабіць з чалавекам. Ён сапраўды просіць аб дапамозе! Калі з ім не дай бог нешта здарыцца, хто якія словы скажа маме, хто будзе карміць і выхоўваць яго дзяцей?" — кажа сястра палітвязня Кацярына.

Нагадаем, пінчука Вячаслава Рагашчука затрымалі 10 жніўня. Цяпер ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Пінску па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Пасля затрымання ён падвергся жорсткаму збіццю на працягу трох дзён. Са словаў яго сукамернікаў, у камеры ў Пінскім ІЧУ ў Вячаслава была вісячая гематома за вухам, тры рассечаны на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Вячаслаў Рагашчук утрымліваецца ў Баранавіцкім СІЗА ўжо амаль тры месяцы. З першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ў яго ў галаве шум і звон, у СІЗА яму не аказваецца належная медыцынская дапамога, сваякі і ён сам настойваюць на поўным абследаванні.

Крыніца: Родныя палітвязня Вячаслава Рагашчука: Яму неабходна абследаванне, у СІЗА ён просіць аб дапамозе