У Вярхоўным судзе на 15 снежня прызначаны разгляд апеляцыйных скаргаў Сямёна Беражнова і Ігара Гершанкова, якія асуджаныя да смяротнага пакарання.
Пра гэта каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палудзе паведамілі сваякі асуджаных.
21 ліпеня калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда вынесла прысуды группе асобаў, якія з 2009 па 2015 гг. займаліся афёрамі з чужой нерухомасцю, пры гэтым забіваючы уладальнікаў кватэр. Усяго па справе праходзіла чатыры чалавекі, дваіх з іх – 31-гадовага Сямёна Беражнова і 36-гадовага Ігара Гершанкова – асудзілі да вышэйшай меры пакарання.
Усіх чатырох абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: забойства, выкраданне чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж, знішчэнне і падробка дакументаў. Ігара Гершанкова і яго жонку Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Па звестках праваабаронцаў, у Мінскім СІЗА №1 зараз чакаюць выканання прысуду жыхар Мазыра Кірыл Казачок і жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя.
Ад пачатку 2017 года адзін прысуд быў прыведзены ў выкананне. Гамяльчанін Сяргей Вострыкаў, скаргу якога Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, растраляны ў другой палове красавіка.
Крыніца: Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйныя скаргі асуджаных да вышэйшай меры