Увечары 16 кастрычніка арыштаваны расейскі філосаф Пётр Рабаў адбыў прысуджаныя яму 6 сутак у Баранавічах і павінен быў выйсці на волю. Аднак сустрэць яго журналістам і праваабаронцам не далі. Рабава вывезлі на чыгуначны вакзал, каб пасадзіць на цягнік у кірунку Расеі.
Як паведаміў Беларускаму "Радыё Рацыя" баранавіцкі праваабаронца „Вясны” Сяргей Гоўша, Рабава сустракалі грамадскі актывіст Яўген Жураўскі і праваабаронца Аляксандр Вайцешык. Жураўскі паспеў паведаміць Гоўшу, што Вайцешыка затрымалі пасля таго, як ён хацеў сфатаграфаваць Пятра Рабава на вакзале. Вайцешыка завезлі ў міліцэйскі ізалятар. Напэўна яго будуць трымаць там да заўтра, паколькі на 17 кастрычніка ў судзе Баранавіцкага раёну прызначаны разгляд яго адміністрацыйнай справы. Яна была пачатая супраць Вайцешыка фактычна за тое, што ён прысутнічаў у судзе над Рабавам і хацеў дапамагчы яму юрыдычна.
У міліцыі позна ўвечары на Вайцешыка склалі яшчэ адзін пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне – на гэты раз за „непадпарадкаванне міліцыі”. Пётр Рабаў цягам 6 сутак трымаў галадоўку. Стала таксама ведама, што расейскаму філосафу забаронены ўезд у Беларусь тэрмінам ажно на 10 (!) гадоў. У Гародні лекцыя навукоўца была сарваная сілавікамі, а ў Баранавічах Пятра Рабава затрымалі і судзілі нібыта за тое, што ён лаяўся матам і распаўсюджваў экстрэмісцкую літаратуру.
Крыніца: У Баранавічах ізноў затрыманы праваабаронца Аляксандр Вайцешык