У судзе Партызанскага раёна Мінска сёння адбудзецца новы разгляд адміністратыўнай справы лідара руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка за ўдзел у акцыі пратэсту супраць вайсковых вучэнняў «Захад-2017”, якая адбылася 8 верасня. Пачатак судовага паседжання ў 9-30. У гэтым судзе 28 верасня палітык быў пакараны за Дзень вайсковай славы штрафам у памеры 45 б.в. (1 035,00 руб). Але раённая пракуратура вынесла пратэст і хадайнічала аб пераглядзе справы. Мінскі гарадскі суд 11 кастрычніка пастанавіў накіраваць справу на новы разгляд у суд Партызанскага раёна.
У судзе Маскоўскага раёна 16 кастрычніка чакаюцца адміністратыўныя працэсы над актывістамі “Моладзі БНФ”. У 9-30 пачнецца суд над Дзянісам Мандзікам, у 11-00 – над Кацярынай Шуст. Іх вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП). Акцыя адбылася 25 жніўня, у дзень, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб наданні Беларусі суверэнітэту. З гэтай нагоды Моладзь БНФ усклала кветкі да магілаў дэпутатаў Вярхоўнага савету 12-га склікання, а затым павіншавала беларусаў з днём 25 жніўня раздачай стужак з нацыянальным арнаментам.
У Слуцку пачынаюцца суды над удзельнікамі акцыі «Дзень ведаў - урок гісторыі», якая прайшла з удзелам ўдзеле дзеяча мастацтва Алеся Пушкіна 1 верасня. Сёння ў 12-00 будуць судзіць мясцовую актывістку Аліну Нагорную.
17 кастрычніка – працяг судоў над актывістамі “Моладзі БНФ”, якія раздавалі стужачкі з нацыянальным арнаментам у Мінску 25 жніўня. Суд Маскоўскага раёна пачне разгляд справы Багдана Сакалова. Пачатак у 10-00.
У гэтым жа судзе ў 11 гадзін будзе разглядацца адміністратыўная справа палітолага Алеся Лагвінца за акцыю да Дня ведаў у Слуцку.
У сераду, 18 кастрычніка, суд Маскоўскага раёна будзе разглядаць адміністратыўную псправу актывіста “Моладзі БНФ” Ягора Сергіенкі, таксама за акцыю 25 жніўня.