У Гомелі напярэдадні першамайскай акцыі адбыліся затрыманні шэрагу актывістаў і журналістаў, якія пераследваліся за сваю актыўнасць падчас лютаўскіх і сакавіцкіх пратэстаў, якія ў гэтым абласным цэнтры адзначаліся шматлюднасцю.
Пра затрыманні паведамляе праваабаронца Андрэй Стрыжак на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Журналіст-фрылансер Яўген Меркіс затрыманы 30 красавіка ў Навабеліцкім раёне, дастаўлены ў ІЧУ (мяркуючы па ўсім, да 2 траўня будзе ўтрымлівацца там да суда).
Грамадзянскі актывіст Андрэй Макараў затрыманы раніцай 1 траўня на выхадзе з дому. Яго месцазнаходжанне і лёс удакладняецца.
Актывіст Незалежнага прафсаюза РЭП Віктар Рубцоў, затрыманы каля пад'езда свайго дома, паведаміў, што яго прывезлі ў РАУС Савецкага раёна.
Журналістка Марына Драбышэўская паведаміла пра тое, што за яе кватэрай вялося вонкавае назіранне, аднак ёй удалося пазбегнуць затрымання.
Крыніца: Затрыманні ў Гомелі