Дыскусія наконт асноўных палажэнняў Рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі адбылася ў Палітычным камітэце Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 10 кастрычніка. Гэты дакумент быў прыняты на сесіі ПАСЕ 27 чэрвеня гэтага года.
Абмен думкамі, у якім з беларускага боку бралі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, пачаўся з вітальнага слова Спецдакладчыка ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, справаздача якога па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была пакладзена ў аснову чэрвеньскага дакумента.
У абмеркаванні рэзалюцыі, разам з іншымі прадстаўнікамі Беларусі, прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч. Ён зазначыў, што дэпутацкі корпус настроены на канструктыўнае і плённае супрацоўніцтва з Радай Еўропы.
Дэпутат парламента Алена Анісім закранула ў сваім выступе пытанні развіцця беларускай адукацыі, у прыватнасці – стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта.
Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, выступаючы пад час абмеркавання, закрануў канкрэтныя пункты рэзалюцыі, высока ацаніўшы яе значэнне для грамадзянскай супольнасці Беларусі.
“Тым не менш, – зазначыў праваабаронца, – наш парламент крытыкаваў гэты дакумент, дэпутаты, адразу пасля прыняцця рэзалюцыі, назвалі яе суб’ектыўнай і неканструктыўнай. Лічу, што рэзалюцыя была актуальным дакументам, які пазначыў вельмі важныя палітычныя тэмы. Рэзалюцыя дапамагла спыніць махавік рэпрэсій, які ў Беларусі набіраў абароты пасля гарачай вясны 2017 года. У чэрвеньскім дакуменце гаварылася таксама пра вызваленне людзей, затрыманых па палітычных матывах і пра рэабілітацыю былых палітзняволеных, пра эскалацыю насілля і пераслед мірных дэманстрантаў, пра абмежаванне свабоды мірных сходаў і пераслед журналістаў, пра адсутнасць свабодных і справядлівых выбараў, пра пагрозу, якую нясе праект Беларускай атамнай электрастанцыі”.
Прайшло некалькі месяцаў пасля прыняцця рэзалюцыі і цяпер можна ацаніць, якім чынам беларускія ўлады адрэагавалі на гэты дакумент. На думку праваабаронцы, сістэмных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі дагэтуль няма.
Алесь Бяляцкі нагадаў, што нягледзячы на тое, што рэзалюцыя заклікала спыніць смяротнае пакаранне за гэты час былі вынесеныя два чарговыя смяротныя прысуды, была распачатая новая крымінальная справа супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў Фядыніча і Комліка, не спыненая дагэтуль справа па падрыхтоўны масавых беспарадкаў. Апроч гэтага з’явілася новая праблема – пачаліся ганенні на адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у палітычных справах: адзін з іх пазбаўлены ліцэнзіі, яшчэ сем маюць пераатэстацыю праз паўгады, а гэта і ёсць пераслед незалежных адвакатаў.
"Набліжаюцца выбары ў мясцовыя Саветы, але Закон аб выбарах так і застаўся без зменаў, а выбары ў чарговы раз пройдуць у недэмакратычнай атмасферы, непразрыста і несвабодна", - нагадаў дэпутату праваабаронца.
Не абмінулі пад час абмена думкамі і тэму смяротнага пакарання. На пытанне старшынствуючага Андрэа Рыгоні: “Ці робіць нешта парламент для адмены смяротнага пакарання?”, Андрэй Навумовіч адказаў, што зараз створаны графік сустрэчаў з працоўнымі калектывамі, з дэпутатамі мясцовых саветаў, пад час якіх абмяркоўваецца пытанне ўвядзення мараторыя.
“Апроч графіка сустрэчаў яшчэ ёсць і графік растрэлаў, паколькі зараз чацвёра чалавек сядзяць у растрэльных камерах і чакаюць свайго лёсу”, – палемізуючы з дэпутатам адказаў рэплікай Бяляцкі.
Спрэчкі выклікала таксама пытанне будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Андрэй Навумовіч запэўніў удзельнікаў абмеркавання, што там поўны кантроль і станцыя аж на 120% будуецца бяспечна.
Алесь Бяляцкі запярэчыў: ”Ніхто поўнай бяспекі гарантаваць ня можа, а катастрофы ў Чарнобылі і Фукусіме паказалі, наколькі небяспечная ядзерная энергія. Пабудова ж АЭС у непасрэднай блізкасці каля Вільні ёсць ні што іншае, як расійскі палітычны праект, у якім, на жаль, замешаная і Беларусь”.
Правабаронца заклікаў дэпутатаў Парламенцкай Асамблеі і надалей не змяншаць увагу да маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Удзел афіцыйных асобаў і прадстаўнікоў беларускіх НДА ў мерапрыемствах Прарламенцкай асамблеі Савета Еўропы працягваецца.
Крыніца: Алесь Бяляцкі – дэпутату Навумовічу: Апроч графіка сустрэч, яшчэ ёсць графік растрэлаў