Па афіцыйных дадзеных падчас мірных акцый па усёй Беларусі былі затрыманыя каля трох тысяч чалавек. «Вясна» працягвае збіраць дадзеныя пра гэтых людзей у Мінску і рэгіёнах. 10 жніўня чакалася, што над імі адбудуцца суды. Валанцёры і валанцёркі Валанцёрскай службы «Вясны» маніторылі суды цэлы дзень, але поўную інфармацыю пра асуджаных даведацца не ўдалося. Як распавядае каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, па інфармацыі валанцёраў затрыманыя ў апошнія некалькі дзён у Мінску знаходзяцца ў двух гарадах: у Мінску і Жодзіне.

Мінск, 9 жніўня. Крыніца: t.me/Photographers_against
Мінск, 9 жніўня. Крыніца: t.me/Photographers_against

«У Мінску на гэты момант яшчэ не было судоў над затрыманымі 7 і 8 жніўня. Больш за тое, гэтых людзей перавезлі ў ІЧУ горада Жодзіна. Іх туды павезлі на мінімум на пяці аўтазаках. У жодзінскім ізалятары над імі адбываліся закрытыя суды, у якіх бралі ўдзел суддзі з усіх навакольных гарадоў, а таксама суддзі некалькіх раённых судоў сталіцы. Верагодна, там адбываецца судовы канвеер.

Сваякі затрыманых на мірных акцыях пратэсту могуць атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне сваіх блізкіх па тэлефоне жодзінскага ІЧУ: 8-017-754-6819. Варта адзначыць, што прадуктовыя і рэчавыя перадачы ў Жодзіна дазволена ажыццяўляць толькі ў аўторак і чацвер. Пры гэтым перадаваць іх можа любы жадаючы, а не толькі сваякі.

Што тычыцца затрыманых у ноч з 9 на 10 жніўня, то частка іх знаходзіцца на Акрэсціна ў Мінску, а частка таксама былі перамешчаныя ў Жодзіна. Дата і месца судоў над імі нам пакуль не вядомыя. Аднак у Мінску каля ІЧУ вывешваюцца спісы затрыманых, якія перыядычна абнаўляюцца, што крыху спрашчае працэс пошуку людзей. У Жодзіне абяцаюць пачаць рабіць гэта крыху пазней. Як толькі Валанцёрская служба атрымае поўную інфармацыю з дадзенымі грамадзян, якія знаходзяцца на Акрэсціна, мы адразу ж яе апублікуем. А заўтра мы працягнем маніторынг ўсіх судоў горада Мінска», — распавядае агульную сітуацыю пра суды Марфа Рабкова.

Гомель

Вядома, што ў Гомелі падчас пратэстаў затрымалі каля 30 чалавек. Сёння чакаліся суды над імі.

Як піша «Радыё Свабода», 10 жніўня сваякі затрыманых на акцыі 9 жніўня ў цэнтры Гомеля прыйшлі да гарадскога ізалятара часовага ўтрымання, каб даведацца інфармацыю пра іх. Яны стаялі невялікімі купкамі і размаўлялі, калі да пад’ехалі невядомыя людзі ў спартовай вопратцы на двух аўтамабілях. Сказалі, што неабходна праверыць дакументы — і звезлі ў невядомым кірунку каля пяці чалавек.

Валанцёрская служба «Вясны» паведаміла, што ў гомельскім судзе асудзілі траіх чалавек за ўдзел у акцыях на 10-15 сутак, але прозвішчы іх невядомы. У Гомелі на 12 сутак арышту асудзілі Міхаіла Кузьмянкова, якога затрымалі 9 жніўня каля 23 гадзін.

Вядома, што гомельскія суды 10 жніўня разглядалі адміністрацыйныя справы ў дачыненні да актывістаў.

“Радыё Свабода” паведамляе, суд Савецкага раёну Гомеля 10 жніўня адправіў справу Таццяны Канеўскай па арт. 23.4 КаАП на дапрацоўку. Але калі, яна пайшла забраць рэчы з міліцэйскага аўтамабіля, яе зноў затрымалі.

Таксама ў Гомелі асудзілі актывіста Васіля Палякова паводле двух артыкулаў КаАП пакаралі арыштам на 10 сутак. Міліцыя напісала ў пратаколе, што ён «мачыўся ў грамадскім месцы і на заўвагі міліцыі не рэагаваў». Палякоў віны не прызнаў.

Глыбокае

У Глыбокім асудзілі журналіста-фрылансера Дзмітрыя Лупача на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Інфармацыя дапаўняецца і ўдакладняецца.

Крыніца: Валанцёры: У Мінску 10 жніўня судоў над затрыманымі на акцыях не было