У адказ на заяўленую Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў у Сусветны дзень барацьбы за годную працу 7 кастрычніка дэманстрацыю па маршруце ад кінатэатра "Кастрычнік" да плошчы Бангалор ўлады Мінска прапанавалі задаволіцца мітынгам у парку Дружбы народаў, ці парку 50-годдзя Кастрычніка, ці ў Кіеўскім скверы. Прычым, намеснік старшыні Мінгарвыканкама І. Юрэвіч, які падпісаў гэтую адмову, у якасці аргумента спасылаецца на арт.9 Закона "Аб масавых мерапрыемствах», маўляў, будуць створаныя перашкоды для руху транспарту. Аднак раней усе дэманстрацыі дазваляліся ўладамі менавіта па гэтым маршруце.
Па інфармацыі bkdp.org, на падставе рашэння Выканкама БКДП, кіраўнік кангрэсу Аляксандр Ярашук даслаў адказ Мінгарвыканкаму. У адказе гаворыцца, што Мінгарвыканкам фактычна забараніў БКДП правядзенне дэманстрацыі са спасылкай на тое, што маршрут дэманстрацыі не адпавядае патрабаванням арт.9 Закона "Аб масавых мерапрыемствах" і рашэнню Мінгарвыканкама ад 02.06.2011 №1554 "Аб вызначэнні ў горадзе Мінску месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў».
БКДП лічыць незаконным прымус да змены фармату масавага мерапрыемтсва з дэманстрацыі на мітынг, паколькі правесці дэманстрацыю на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў, летнім тэатры парку 50-годдзя кастрычніка або каля фантана ў Кіеўскім скверы немагчыма. У сувязі з выкладзеным БКДП адмаўляецца ад змены фармату і месца правядзення мерапрыемства.
БКДП лічыць, што адмова Гарвыканкама ў дазволе правядзення масавага мерапрыемства ў заяўленым фармаце з'яўляецца чарговым грубым парушэннем правоў прафсаюзаў і працоўных у нашай краіне.
Крыніца: Мінгарвыканкам адмовіў дэмакратычным прафсаюзам у правядзенні дэманстрацыі