Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць паведамляць, што ўчастковыя камісіі выклікаюць на назіральнікаў міліцыю за тое, што яны нібыта сваім назіраннем замінаюць працы камісіям. На некаторых участках назіральнікаў пад рознымі падставамі, у тым ліку з пагрозай прымянення сілы з боку міліцыі, пазбаўляюць магчымасці знаходзіцца непасрэдна ў памяшканні, а таксама сачыць за ходам датэрміновага галасавання.

Мінск

У Мінску 5 жніўня на ўчастку для галасавання №64 Заводскага раёна затрымана назіральніца Іна Дабратвор. Яе без тлумачэнняў прычын не дапусцілі ў памяшканне школы, дзе знаходзіўся ўчастак для галасавання, дзе яна акрэдытаваная назіральніцай. Калі яна стала абурацца, то на яе выклікалі міліцыю за тое, што яна нібыта замінае працы камісіі. Супрацоўнікі міліцыі яе павезлі ў РУУС Заводскага раёна для складання пратаколу. Але там устанавілі асобу Іны Дабратвор і адпусцілі.

З 35-га ўчастка для галасавання Маскоўскага раёна супрацоўнікі міліцыі забралі назіральніцу Наталлю Манькоўскую. Яе павезлі ў Маскоўскі РУУС для "прафілактычнай гутаркі". Праз некаторы час назіральніцу вызвалілі без складання пратаколу.

Смілавічы

На ўчастку №20 у г.п. Смілавічы Чэрвенскага раёна затрымалі назіральніка Яраслава Недасекіна. Яго павезлі ў Чэрвеньскі РУУС. Ён быў у спісах назіральнікаў, але старшыня камісіі сказаў яму, што спіс змянілі і ён не можа назіраць. Назіральнік сказаў, што будзе працягваць назіранне, але на яго выклікалі міліцыю.

Віцебск

Як паведамляе назіральніца з Віцебску Ірына Траццякова, у сярэднюю школу №25 горада сябры ўчастковай камісіі выклікалі міліцыю. Было затрымана чатыры назіральнікі. На ўчастку №12 былі затрыманыя Андрэй Кешанюк і Галіна Магучая. Да гэтага старшыня камісіі дазволіла назіральнікам знаходзіцца ў калідоры каля ўчастка, аднак дырэктарка школы выказалася супраць такого рашэння. На назіральнікаў складаюць пратаколы па арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства). Андрэя Кешанюка, Галіну Магучаю, а таксама яшчэ дваіх назіральнікаў з участкаў №13 і №14 павезлі ў РАУС Першамайскага раёна Віцебска.

Ірына Траццякова кажа, што адміністрацыі раёнаў папярэдзілі “гаспадароў” будынкаў, дзе месцяцца выбарчыя ўчасткі: школы і іншыя навучальныя ўстановы, каб у будынках не знаходзіліся староннія людзі. Менавіта таму сябры камісій пачалі выклікаць міліцыю.

Бабруйск

Як паведамляе незалежны назіральнік з Бабруйску Сяржук Лацінскі, у 13:30 каля ўчастку №30 Ленінскага раёна г. Бабруйска затрымалі назіральніка Уладзіміра Міхалапа. Ён сядзеў увесь час на вуліцы каля ўваходу, бо на сам участак яго не пускалі. Старшыня камісіі выклікала міліцыю за тое, што нібыта ён замінаў працы камісіі. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі на выклік, забралі Уладзіміра Міхалапа для адбыцця 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту, на якія яго асудзілі за ўдзел у ланцугу салідарнасці 19 чэрвеня.

Уладзімір Міхалап. Фота: Сяржук Лацінскі

Затрыманні 4 жніўня: Мінск і Магілёў

У першы дзень датэрміновага галасавання, 4 жніўня, вядома, што былі затрыманыя мінімум тры назіральніка. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Мінску назіральнікаў Івана Дубовіка і Алега Гіргенсона. На Дубовіка склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП нібы за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі на ўчастку для галасавання. Ноч ён правёў у пастарунку міліцыі. 5 жніўня над ім чакаецца суд. У адносінах да магілёўца Андрэя Застрэлава, які прадстаўляе ініцыятыву "Сумленыя людзі" міліцыя праводзіць праверку з нагоды заявы старшыні ўчастковай камісіі нібыта за “перашкоду працы камісіі”. 

У Мінску на ўчастках для галасавання затрымліваюць назіральнікаў

У першы дзень датэрміновага галасавання, 4 жніўня, кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" стала вядома пра два выпадкі затрымання незалежных назіральнікаў на ўчастках для галасавання.

У Магілёве незалежнага назіральніка прама на ўчастку затрымала міліцыя

Назіральнік ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Андрэй Застрэлаў з міліцэйскага аўто паведаміў, што яго вязуць у Кастрычніцкі РАУС. Яго затрымалі проста на ўчастку №97, які размешчаны ў гімназіі №1 г. Магілёва. Пра інцыдэнт паведамляе mspring.online.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: На выбарчых участках масава затрымліваць назіральнікаў. Спіс Дапоўнена