З нагоды змрочнай красавіцкай даты, што адсылае да аварыі на Чарнобыльскай АЭС 1986 года, жыхары Мінска і рэгіянальных гарадоў атрымліваюць тэматычны выпуск газеты “Народная воля”, які распавядае пра досвед Беларусі на шляху “ад Чарнобыля да Астраўца”.

26 красавіка сябры і валанцёры Праваабарончага цэнтра “Вясна” на чале з кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім раздалі некалькі тысяч экзэмпляраў выдання ў цэнтры Мінска.

Сёння і ў мінулыя выходныя праваабаронцы раздавалі тэматычны выпуск “Народнай волі” ў Гародні, Маладзечна, Бабруйску, Барысаве, Брэсце, Светлагорску, Гомелі.  

У Гародні праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Эдвард Дмухоўскі і Раман Юргель вырашалі распаўсюджваць інфармацыйную прадукцыю на цэнтральных рынках горада, дзе пасля святаў было багата людзей.

А ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця 19 красавіка адбылося паседжанне дыскусійнага клубу на тэму “Беларуская АЭС: права на атам і жыццё”, да арганізацыі якога спрычыніліся і сябры “Вясны”. Адмысловымі гасцямі сустрэчы былі праваабаронца, “ліквідатар” Уладзімір Целяпун з Мазыра і прадстаўнік грамадскай ініцыятывы “Астравецкая атамная - гэта злачынства” Мікалай Уласевіч з Варнянаў. (Падрабязна пра сустрэчу распавядае сайт “Гарадзенскай вясны”).

У Маладзечне, дзе прадстаўнікі “Вясны” бяруць актыўны ўдзел у ініцыятыве “Астравецкая атамная – гэта злачынства”, накіраваны ліст у дырэкцыю Беларускай АЭС з прапановай сумесна правесці круглы стол па пытаннях публічнасці працы на будаўнічай пляцоўцы станцыі. Праваабаронцы Алесь Капуцкі і Эдуард Баланчук пасля раздачы спецвыпуску “Народнай волі” адзначылі, што жыхары горада па-рознаму ставяцца да будаўніцтва АЭС непадалёк ад іх, аднак ніхто не прамінуў магчымасці азнаёміцца з незалежнай інфармацыяй датычна гэтага - бралі газету і для сабе, і для сваіх знаёмых ды сваякоў.

У Бабруйску праваабаронцы Сяржук Лацінскі і Эдуард Грынявецкі таксама адзначылі, што людзі з ахвотай бралі ў іх незалежную газету, некаторыя прасілі па некалькі экзэмляраў газеты, каб перадаць сваім знаёмым, бо, як яны самі казалі, не давяраюць дзяржаўным СМІ. Актывісты адзначылі, што чарнобыльская трагедыя вельмі хвалюе бабруйчан, яны баяцца паўтарэння аварыі, таму з апасеннем ставяцца да будаўніцтва Астравецкай АЭС.

[ фота ]

У Барысаве інфармацыйную акцыю на гарадскім рынку правялі праваабаронцы “Вясны” Алег Мацкевіч і Марына Статкевіч.

[ фота ]

У Брэсце падчас акцыі праваабаронцы Уладзімр Вялічкін, Уладзімр Малей і іх паплечнікі распытвалі гараджанаў наконт стаўлення да будаўніцтва АЭС. Паводле сайта “Берасцейскай вясны”, водгукі былі наступныя: «Беларускія ўлады не думаюць аб людзях, толькі аб інтарэсах Расіі», «Лепш мы даражэй заплацім за электрычнасць, але атамнай электрастанцыі нам не трэба», «Беларускія ўлады не адчуваюць ніякай адказнасці за краіну. Такую бяду перажыць і будаваць АЭС у Астраўцы! Я не ведаю ў Беларусі тых, хто за будаўніцтва атамнай электрастанцыі, увесь свет – супраць»…

У Светлагорску Алену Маслюкову ў справе інфармавання пра 31-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС 24 красавіка падтрымалі валанцёры-вазочнікі.

[ фота ]

У Гомелі 23 красавіка Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны месцамі для інфармавання гараджанаў абралі найбольш шматлюдныя супермаркеты. Аднак, не паўсюль уласная служба аховы паставілася з разуменнем да ініцыятывы праваабаронцаў: па выкліку ў “Еўраопт” наведалася міліцыя – спачатку з дэпартаменту аховы, а затым і прадстаўнік РАУСа. У выніку ў праваабаронцаў перапісалі асабістыя звесткі, а яны, у сваю чаргу, распавялі супрацоўнікам міліцыі пра права на распаўсюд інфармацыі. (Больш падрабязна пра інцыдэнт паведамляе сайт “Гомельскай вясны”).

[ фота ]

Крыніца: Праваабаронцы нагадваюць пра гадавіну Чарнобыльскай катастрофы інфармацыйнымі мерапрыемствамі