Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч накіравала скаргу на імя Генеральнага пракурора РБ з нагоды таго, што да яе мужа, які адбывае 15-суткавы арышт у ЦІП, ужо трэція суткі не пускаюць адваката.
Паводле Марыны Адамовіч, да Статкевіча не пускаюць адваката па розных надуманых прычынах. Напрыклад, 26 верасня адвакату паведамілі, што ўсе пакоі для сустрэчы з арыштаванымі занятыя, няма магчымасці іх вызваліць. Пры гэтым адвакат палітыка быў першым, хто з’явіўся раніцай на сустрэчу з арыштаваным, а на працягу дня на тэрыторыю ЦІП шмат разоў бесперашкодна праходзілі прадстаўнікі следчых органаў, адвакаты, аператыўныя супрацоўнікі і іншыя асобы. 27 верасня супрацоўнікі ЦІП наўпрост сказалі адвакату, каб ён нават не спрабаваў трапіць, бо ўсё роўна не атрымаецца.
Таксама ў сваёй скарзе Марына Адамовіч адзначае, што права на абарону яе мужа было парушана і падчас судовага працэсу 26 верасня, кады Статкевіча завочна судзілі за ўдзел у акцыі 8 верасня і ў выніку далі яшчэ 5 сутак арышту. Паседжанне адбывалася без яго ўдзелу, бо палітык не быў дастаўлены з ЦІП у суд і, адпаведна, не мог ажыццяўляць сваю абарону.
Дадзеныя факты сведчаць аб грубым парушэнні права Мікалая Статкевіча на абарону. Марына Адамовіч лічыць, што адміністрацыя ЦІП робіць гэта наўмысна і таму просіць Генеральнага пракурора правесці праверку па факце парушэння законнасці і права Статкевіча на абарону з боку службовых асобаў ЦІП і ў выпадку ўстанаўлення такіх фактаў прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Нагадаем, Мікола Статкевіч быў затрыманы 22 верасня пасля паседжання Рады БНК і адпраўлены ў ЦІП на вул. Акрэсціна адбываць 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 3 ліпеня. Да таго моманту Статкевіч прабыў на волі тры тыдні: 31 жніўня ён быў вызвалены пасьля 5 сутак арышту за парушэньне, якое ён нібыта ўчыніў яшчэ на акцыі 30 сакавіка (тады каля ізалятару на Акрэсьціна прайшла акцыя салідарнасьці зь вязьнямі Дня Волі, пра ўдзел у ёй Мікалая Статкевіча не паведамлялася).
Крыніца: Да Статкевіча трэція суткі не пускаюць адваката. Марына Адамовіч скардзіцца ў пракуратуру