Мінчук Яўген Катульскі паведаміў "Вясне", што сёння, 23 ліпеня, яго спрабавала "выманіць" міліцыя з надуманых абставін. Спярша Яўгену патэлефанаваў міліцыянт Сяргей Герман (яго імя высветлілася пазней, паколькі той не прадставіўся) і прапанаваў Катульскаму  з'явіцца для дачы тлумачэнняў з-за ДТЗ, у якое нібы трапіў яго аўтамабіль (Яўген кажа, што праверыў гэтую інфармацыю і яна не пацвердзілася). Праз настойлівасць міліцыянта Яўген спачатку пагадзіўся — і распавёў, што ў пэўны час плануе быць у адной з трэнажорных залаў Мінска. Аднак пасля гэтага мінчук вырашыў паведаміць сваім знаёмым, якія знаходзіліся ў зале, аб гэтай сітуацыі, а сам туды не пайшоў.

Яўген Катульскі.
Яўген Катульскі. Фота з сацыяльных сетак

Неўзабаве тыя напісалі Яўгену, што ў залу прыйшлі сем супрацоўнікаў — двое ў цывільным і пяцёра ў форме. Яны шукалі Яўгена і пыталіся, па якіх днях той наведвае трэнажорную залу. Задаўшы свае пытанні, супрацоўнікі сышлі, і літаральна праз хвіліну пасля гэтага Яўгену патэлефанаваў міліцыянт Сяргей Герман. Ён зноў шукаў Яўгена і на гэты раз прадставіўся. Размова з міліцыянтам — у аўдыё:

Яўген Катульскі упэўнены, што сітуацыя з аўтамабілем была для супрацоўнікаў толькі падставай і што тыя яго шукаюць зусім па іншых прычынах. Мінчанін часта размяшчае ў сваіх сацыяльных сетках крытычныя пасты на палітычныя тэмы, а таксама выказваўся ў адным з чатаў «Страны для жизни».

Крыніца: Пяць чалавек у форме і два – у цывільным. Мінчука настойліва шукае міліцыя Аўдыё