У Беларусі працягваецца пераслед актыўных людзей па палітычна матываваных падставах. “Вясна” публікуе звесткі пра новыя выпадкі пераследу: затрыманні, складанне пратаколаў, выклікі ў міліцыю. Стала вядома пра затрыманне ўдзельніка гурта TonqiXod і сябра ініцыятыўнай групы Вікара Бабарыкі Максіма Субача. Дакладны час і абставіны затрымання пакуль невядомы, але па інфармацыю, якую апублікавала ў Facebook намесніца старшыні Пэн-цэнтру Таццяна Нядбай, апошні раз Максім выходзіў на сувязь у 11 вечара ў нядзелю 19 ліпеня. Да гэтага ён быў на пікеце Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народу.

Мінск

У РУУС Цэнтральнага раёна паведамілі, што Максім Субач затрыманы ў межах адміністрацыйнай справы за “дробнае хуліганства” (арт. 17.1 КаАП) і дастаўлены ў Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна. Ці адбыўся ўжо над ім суд у панядзелак альбо плануецца на аўторак 21 ліпеня – у дадзены момант высвятляецца.

Ва Упраўленне следчага камітэту па Мінску на 24 ліпеня выклікаюць Яну Цягалка. Вядзецца праверка наконт абразлівага паведамляння, якое Яна нібыта адправіла супрацоўніку ДАІ з Ганцавічаў, які жорстка затрымліваў удзельнікаў “Ланцугу салідарнасці” (менавіта ён паставіў калена на шыю аднаму з удзельнікаў).

У Мінску працягваецца пераслед удзельнікаў тэлеграм-канала "Армія з народам". Сёння, 21 ліпеня, міліцыя затрымала Сяргея Коршуна і Сяргея Лук'янава (у Лук'янава праходзіць вобшук). Пры гэтым 29 чэрвеня міліцыя ўжо прыходзіла да Лук'янава з-за канала "Армія з народам". Тады яго затрымалі, а на наступны дзень асудзілі на 50 базавых велічынь (1350 рублёў) па арт. 23.4 і 23.5 КаАП. 

Гомель

Днём 21 ліпеня ДАІ спыніла журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову, якая накіроўвалася на суд за ўдзел у акцыі 3 ліпеня да актывіста Раманава. Супрацоўнікі ДАІ патрабавалі ў яе паехаць разам з імі ў міліцыю. Варта адзначыць, што менавіта ў гэты дзень у Гомель прыехаў дзеючы прэзідэнт і вылучэнец на новы тэрмін Аляксандр Лукашэнка

dai_gomel_shchirakova.jpg
Фота з Facebook Ларысы Шчыраковай

Вілейка

На актывіста Андрэя Кудзіка склалі пратакол за тое, што ён “пад гучна граючую музыку стукае невядомым прадметам па вечке рондля”. Пратакол па ч.1 арт 21.16 КаАП (парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем) быў складзены на падставе відэа, якое Кудзік нібыта размясціў у тэлеграме на канале “Вілейка для жыцця”. 22 ліпеня яго зноў выклікаюць у аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вілейскага райвыканкама. Верагодна для складанна новага пратаколу. 

Крыніца: Новыя затрыманні, пратаколы, выклікі ў міліцыю. Хроніка пераследу 21 ліпеня