Літва выказвае занепакоенасць сітуацыяй з выбарамі прэзідэнта ў Беларусі і папярэджвае, што працяг палітычных рэпрэсій будзе мець наступствы ў адносінах нашай краіны з Еўрасаюзам. Пра гэта піша TUT.BY са спасылкай на заяву Міністэрства замежных спраў Балтыйскай Рэспублікі.

У дакуменце гаворыцца, што Літва ўважліва назірае за перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніяй у Беларусі і занепакоеная нядаўнімі падзеямі з адмовай у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў некаторых прэтэндэнтаў, а таксама рэпрэсіямі супраць апазіцыйных палітыкаў, актывістаў, блогераў, прадстаўнікоў СМІ і масавымі затрыманнямі на пратэстных акцыях.

— Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі забяспечыць канкурэнтаздольную перадвыбарчую сераду, бяспечныя, свабодныя і сумленныя выбары, адпусціць усіх затрыманых і забяспечыць асноўныя свабоды і правы чалавека. Працяг палітычна абгрунтаваных рэпрэсій, магчымы рост колькасці новых палітычных зняволеных будуць мець наступствы для далейшых стасункаў Еўрапейскага Саюза і Беларусі. Мірныя, свабодныя і добрасумленныя прэзідэнцкія выбары заахвоцілі б дэмакратычнае развіццё Беларусі, умацавалі б яе суверэнітэт і незалежнасць, — гаворыцца ў заяве літоўскага МЗС.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да супрацы ўладаў Беларусі з ЕС у сферы ядзернай бяспекі адносна будаўніцтва Астравецкай АЭС і рэкамендацыя не пачынаць паспешлівую эксплуатацыю электрастанцыі. Таксама, як сказана ў заяве, Літва выказвае заклапочанасць сітуацыяй з распаўсюджваннем каранавірусу ў Беларусі і аказала нашай краіне гуманітарную дапамогу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: МЗС Літвы выказаў занепакоенасць ходам перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі