Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адказала сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўлу Севярынцу на зварот у справе публікацыі ягонай тэлефоннай размовы са Змітром Дашкевічам у фільме "Звонок другу", паказаным увесну па БТ. Пра гэта паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі БХД.
Паводле Ананіч, публікацыя аўдыё прыватнай тэлефоннай размовы ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу не з'яўляецца парушэннем закона. Для нейкіх мер адказнасці ў дачыненні да БТ, падсумоўвае Ананіч, няма падставаў.
- Адказ міністра інфармацыі можна цалкам публікаваць у рубрыцы "Ноў комэнт" - кажа Павел Севярынец, - У цэнтры Еўропы нечакана разгарнулася цэлая пірацкая дзяржава. У вас крадуць вашу прыватную размову, яе выстаўляюць у эфір на агляд мільёнаў, і - барабанная дроб! - урад афіцыйна прызнае гэта абсалютна дазволеным! Застаецца падняць "Вясёлага Роджэра" па-над будынкам Міністэрства інфармацыі на праспекце Пераможцаў, 11 і хорам, усім міністэрствам, зацягнуць песню "Пятнаццаць чалавек на куфар мерцвяка." Капітан Флінт адпачывае.
Раней Павел Севярынец накіраваў заявы ў пракуратуру і Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту г. Мінска аб распаўсюдзе звестак, якія складаюць асабістую таямніцу, у праграме Белтэлерадыёкампаніі “Званок сябру”.
У іх палітык адзначыў, што 12 сакавіка 2017 года ў тэлепраграме былі распаўсюджаныя звесткі аб яго тэлефоннай размове са Зміцерам Дашкевічам. Белтэлерадыёкампаніяй не былі арганізаваныя меры супраць магчымай ідэнтыфікацыі Паўла Севярынца староннімі асобамі, а наадварот, у эфіры было размешчана фота с подпісам “П.Севярынец”.
Палітык лічыць, што дзеянні БТ з’яўляюцца незаконнымі і парушаюць не толькі арт. 37 і арт. 40 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, але і арт. 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе адзначаецца права кожнага на абарону ад супрацьпраўнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, у тым ліку ад умяшальніцтва ў таямніцу карэспандэнцыі, тэлефонных альбо іншых паведамленняў, на ягоную годнасць і гонар.
Крыніца: Ананіч: публікацыя "праслушкі" грамадзян на БТ - не парушэнне